Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 36
Сябры клуба "Спадчына" адзначылі 80-годдзе з дня нараджэння М.І.Ермаловіча ў 2001 годзе, гадавіну з дня яго смерці, да гэтай даты беларускі мастак Алесь Цыркуноў напісаў палатно "Мікола Ермаловіч" (алей).
У памяць слыннага беларускага гісторыка і літаратуразнаўцы намаганнямі сяброў клуба "Спадчына" у 2003 годзе ў Старадарожскім мастацкім музеі фонд Анатоля Белага 1 верасня і ў горадзе Маладзечна 28 лістапада (мастак У.Малахаў) ўстаноўлены помнікі.
З Мікалаем Іванавічам Ермаловічам аўтар гэтых радкоў пазнаёміўся ў канцы 1968 года: у той час я працаваў у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі і быў у камандзіроўцы ў Маладзечне, у Мінскім абласным краязнаўчым музеі. У гэтым музеі старшым навуковым супрацоўнікам у той час працаваў Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі. Ён і пазнаёміў нас. Аказалася, што мы землякі, з Дзяржыншчыны.
Неўзабаве Мікалай Іванавіч прыехаў да нас у БелСЭ. Навуковых прац яго ў той час не друкавалі. І мы прапанавалі Ермаловічу з ягоных кніг-рукапісаў падабраць матэрыялы для энцыклапедычных тэрмінаў, т. зв. чорных слоў _ і зрабіць з іх артыкулы для апублікавання ў энцыклапедыі. Такім чынам у 12-ці тамах БелСЭ ім было апублікавана 37 навуковых артыкулаў. Некаторыя яго палажэнні па старажытнай гісторыі Беларусі былі, так сказаць, "агучаны" ужо ў такім салідным навуковым выданні, як БелСЭ.
Працуючы ў выдавецтве "Навука і тэхніка" АН БССР загадчыкам рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве, я дапамог М.І.Ермаловічу выдаць кнігу "Па слядах аднаго міфа", якая выйшла ў 1989 годзе. Мы былі з ім як бы знітаваныя _ землякі і робяць адну і тую ж справу _ справу Адраджэння Беларусі.
Апошні званок яго быў да мяне ў канцы лютага 2000 года. А потым я даведаўся пра сумную вестку _ Міколы Іванавіча не стала.
Анатоль ВАЛАХАНОВІЧ
Мікола Ермаловіч _ неардынарны прадстаўнік беларускай гістарыяграфіі
Галоўная заслуга Міколы Ермаловіча тая, што ён правільна вызначыў месцазнаходжанне летапіснай Літвы. Скажу крыху, як гэта было. Я пазнаёміўся з Міколам Іванавічам у 1968 годзе. Сектар археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР рыхтаваў археалагічную канферэнцыю. Нечакана да археолагаў з'явіўся энергічны чалавек, размаўляючы на прыгожай чыстай беларускай мове з просьбай уключыць у парадак дня канферэнцыі яго даклад "Дзе была летапісная Літва". Пасля працяглай размовы арганізатарамі канферэнцыі было прынята станоўчае рашэнне пры ўмове, што тэзісы даклада павінны быць на 4 _ 5 старонках і напісаны на рускай мове.