Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 35
М.І.Ермаловіч быў неўтаймаваным і няўрымслівым чалавекам. Ён усё хацеў ведаць, сам да ўсяго дакапацца.
Ермаловіч і жыў, і працаваў сумленна і высакародна, ніколі і не ў чым не здраджваў галоўнаму ў сваім нялёгкім жыцці _ беларускай ідэі і беларускаму Адраджэнню.
Аднак на здзелку з сумленнем і ўласнымі прынцыпамі ніколі не ішоў. І больш таго, папярэджваў далікатна і тактоўна пра неабдуманы крок ці паступак сваіх сяброў, калі аб гэтым даведваўся загадзя. М.І.Ермаловіч не стаў на калені ні перад трымальнікамі ўлады, ні перад старшымі па званню і ступені вучонасці, якія ў той час, у 60 _ 80-я гады ХХ стагоддзя, абаранялі свае кандыдацкія і доктарскія дысертацыі па тагачасных папулярных тэмах "КПСС _ КПБ", "Прынцыпы і метады марксізма-ленінізма і пралетарскага інтэрнацыялізма", "Роля КПБ у барацьбе…" і іншых.
М.І.Ермаловіч неаднаразова выступаў перад сябрамі клуба "Спадчына". Гэта былі другая палавіна 80-х _ 90-я гады ХХ стагоддзя _ тыя часы, калі новае слова пра наша гістарычнае мінулае ўспрымалася як глыток свежага паветра ў застойным, затхлым грамадстве. Людзей, паслухаць і пабачыць Ермаловіча, пазнаёміцца з ім, збіралася шмат. Невядома, як яны дазнаваліся і потым перадавалі па ланцужку, па тэлефону, дзе і калі будзе выступаць знакаміты гісторык. Яго ўжо ў тыя, савецкія часы канцэпцыя ўтварэння ВКЛ усімі ўспрымалася, як новае ў беларускай гістарычнай навуцы, мела шмат прыхільнікаў і паслядоўнікаў, якія хутчэй і больш дэталёва зразумелі канцэпцыю, чым дыпламаваныя вядомыя беларускія гісторыкі і гісторыкі былога Саюза ССР.
І колькі часу, розуму, сіл і энергіі давялося затраціць М.І.Ермаловічу, каб даказаць і замацаваць у беларускай гістарычнай навуцы і спадчыне гэты аб'ектыўны і законны тэзіс на станаўленне і развіццё гісторыі Беларусі. І якія хмары не згушчаліся б над ім _ ён не скарыўся, не падпарадкаваўся той партнаменклатурнай ідэалогіі, таму прынятаму ўсімі пункту погляду на станаўленне і развіццё гісторыі Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён.
Вось такі няскораны, моцны духам быў наш зямляк, які жыў, працаваў, пісаў кнігі, адкрываў новыя старонкі Старажытнай гісторыі Беларусі.
Мікалай Іванавіч Ермаловіч трагічна загінуў, трапіўшы пад машыну, 4 сакавіка 2000 года. Адпяванне Мікалая Іванавіча праходзіла ў Ратамскай Свята-Мікалаеўскай праваслаўнай царкве. Сябры клуба "Спадчына" былі на пахаванні М.І.Ермаловіча _ на развітанні ў Доме літаратара і на могілках у горадзе Маладзечна, дзе пахавана яго жонка.