Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 37



У 1969 годзе невялікі артыкул Ермаловіча быў надрукаваны ў зборніку "Тезисы докладов к конференции по археологии Белоруссии" (Минск, 1969. С. 233 _ 238). Тут жа змешчана карта "Тэрыторыя летапіснай Літвы". Яна была даволі значнай, у абазначаную тэрыторыю ўваходзілі гарады Маладзечна, Заслаўе, Клецк, паселішча Рута і іншыя. Пазней Ермаловіч улічыў некаторыя заўвагі, тэрыторыя летапіснай Літвы была значна паменшана, але ў ёй яшчэ больш выразна абазначаны тапонімы "Літва", усіх пяць, і Мікола Ермаловіч лічыў іх асноўнымі сваімі аргументамі. Гэты другі варыянт карты быў пазней надрукаваны ім у брашуры "Па слядах аднаго міфа" (1991) і ў многіх іншых яго работах, уключаючы апошнюю _ "Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае" (Мн., 2000. С.29). На карце адсутнічаюць археалагічныя помнікі, якіх наогул мала на дадзенай тэрыторыі. Адсюль скепцытызм археолагаў да яе. Да гэтай карты адносяцца галоўныя крытычныя заўвагі. Наяўнасць тапонімаў "Літва" можна выкарыстаць не толькі для таго, што тут была летапісная Літва, але і для таго, што яе не было ў гэтым месцы. М.І.Ермаловіч разглядае шмат іншых сюжэтаў, якія даказваюць, што беларусам належыць выдатная роля ў стварэнні Вялікага княства Літоўскага, без беларусаў літоўцы не змаглі б стварыць такую вялікую дзяржаву _ "ад мора да мора" і менавіта ў гэтым бяспрэчная заслуга Міколы Ермаловіча.

Неардынарны беларускі гісторык другой паловы ХХ стагоддзя ў гісторыі Бацькаўшчыны вылучыў перыяды: полацкі перыяд (ІХ _ сярэдзіна ХІІІ ст.), новагародскі перыяд (1246 _ 1316), віленскі перыяд (1316 _ 1385), крэўскі перыяд (1385 _ 1569), перыяд Рэчы Паспалітай (1569 _ 1795). Ён сказаў сваё новае слова ў гісторыі кожнага перыяду.

Мікола Ермаловіч лічыў, што славянскія плямёны далі пачатак беларускай, украінскай і велікарускай народнасцям пасля іх перасялення ва Усходнюю Еўропу ў залежнасці ад таго, на якой тэрыторыі яны пасяліліся і якое карэннае (неславянскае) насельніцтва суіснавала разам з імі. На яго думку беларусы "не збалтызаваныя славяне, а аславяненыя балты". Асіміляцыя балтаў адбывалася на працягу ўсёй далейшай гісторыі аж да нашага часу. Напрыклад, працэс беларусізацыі балцкіх этнічных элементаў назіраўся на тэрыторыі цяперашніх Астравецкага, Смаргонскага, Ашмянскага і суседніх раёнаў на працягу многіх стагоддзяў, а ў некаторых месцах завяршыўся толькі ў ХІХ _ пачатку ХХ стагоддзяў.

М.І.Ермаловіч меркаваў, што найгалоўнейшай з'явай этнагенезу беларусаў і фарміравання іх тэрыторыі з'яўляецца іх узаемапранікненне і змешванне дрыгавіцкага, крывіцкага і радзіміцкага насельніцтва. Палачане былі першым вынікам дрыгавіцка-крывіцкага зрашчэння, што стала грунтам, на якім узніклі Беларусь і беларусы.