Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 34
У 1970 _ 1980-х гадах самвыдатам распаўсюджваліся іншыя непадцэнзурныя гістарычныя працы М.І.Ермаловіча. У 1975 _ 1976 гадах Мікола Іванавіч узнавіў выпуск рукапіснага самвыдацкага часопіса (машынапіснае выданне) пад новаю назваю "Гутарка: аб усім, што баліць", якога ў агульнай колькасці выйшла каля 50 выпускаў. У гэтым выданні змяшчаліся творы рознага жанру, якія былі прасякнуты ідэяй незалежнасці, нацыянальнага абуджэння Беларусі, якія з-за сацыяльнай і палітычнай накіраванасці не маглі быць надрукаваны ў афіцыйным друку. "Гутаркі…" шматразова перадрукоўваліся на пішучай машынцы, перапісваліся пад капіравальную паперу ад рукі, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі Мінска, Маладзечна і іншых гарадоў Беларусі. Гэтыя "Гутаркі"выдаваліся Мікалаем Іванавічам пад псеўдонімам Сымон Беларус, М.Ермолаев, Я.Мікалаеў, М.Ярмалаеў, Мікола Наваселец.
Назву самвыдацкага часопіса "Гутарка: аб усім, што баліць" М.І.Ермаловіч выбраў не выпадкова. У ХІХ стагоддзі "гутаркі" былі найбольш пашыраным жанрам нелегальнага друку ў царскай Расіі. М.І.Ермаловіч рыхтаваў матэрыялы ў горадзе Мінску ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І.Леніна, друкаваў у горадзе Маладзечна на друкарскай машынцы, потым перадаваў гэты матэрыял беларускаму мастаку Я.С.Куліку для тыражыравання. Нумар "Гутаркі" выходзіў прыкладна адзін раз у тыдзень.
Заснаванне і выданне М.І.Ермаловічам падпольнага публіцыстычнага выдання "Гутарка: аб усім, што баліць", мела вялікую папулярнасць, карысталася вялікім попытам перадавой грамадскасці Беларусі.
У "Гутарках" быў апублікаваны яго вядомы верш "Водпаведзь", які цытую:
На ваш папрок, што шмат нам далі,
Скажу я вам такія словы:
Вы ДАСТАЕЎСКАГА ў нас узялі,
Узамен нам даўшы мураўёва…
Наш ДАСТАЕЎСКІ крыж няволі
За вашу волю нёс бясстрашна,
Ён азарыў з сардэчным болем
Пацёмкі вашых душ няшчасных.
Ваш мураўёў распяў на крыжы
Тых, хто паўстаў за нашу волю,
І КАСТУСЯ зару згасіўшы,
Нас цемрай гвалту абяздоліў.
Вы нас бязбожна абкрадалі
Ці то ў стары час, ці то ў новы.
Вы ДАСТАЕЎСКІХ у нас бралі,
А нам давалі мураўёвых.
Мікола Ермаловіч _ аўтар грунтоўных артыкулаў пра жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча, Я.Лучыну, Я.Купалу, Я.Коласа, А.Гурыновіча, К.Каліноўскага і іншых.
Крытыка неаднаразова адзначала вялікую працаздольнасць М.І.Ермаловіча, яго апантананую адданасць справе, дасканалае валоданне фактамі, велізарным аб'ёмам гістарычнага матэрыялу, які ён выкарыстоўваў, навуковую доказнасць.
М.І.Ермаловіч _ аўтар грунтоўных кніг, якія зрабілі значны ўклад у новыя погляды на развіццё гісторыі Беларусі ў ІХ _ ХІV стагоддзях. М.І.Ермаловіч _ лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за кнігу "Старажытная Беларусь" (1992), Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1993).