Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 33



("Голас Радзімы", № 5, 1981).

У машынапісным выглядзе памнажалася праца "У духу застойнага часу". Гэты артыкул М.І.Ермаловіч напісаў у адказ на артыкул дактароў гістарычных навук Інстытута гісторыі АН БССР В.І.Мялешкі і З.Б.Капыскага "Фактам вопреки" ("Советская Белоруссия", 28.07.1987). Пасля таго, як рэдакцыя газеты "Советская Белоруссия" катэгарычна адмовілася друкаваць яго артыкул, ён актыўна стаў распаўсюджвацца ў машынапіснай форме. Значна пазней ён быў апублікаваны ў часопісе "Студэнцкая думка" (№ 3, 1989 г.) (Да ведама, часопіс "Студэнцкая думка" — грамадска — палітычнае і культурна-асветніцкае выданне найперш студэнцкай суполкі "Світанак", потым Згуртавання Беларускіх Студэнтаў і Задзіночання Беларускіх Студэнтаў).

За такія новыя погляды на гісторыю Беларусі ў свой час ён шмат цярпеў.

У 1966 годзе начальнік Маладзечанскага абласнога ўпраўлення КДБ БССР Іваноў дзесьці выступаў і казаў пра М.І.Ермаловіча: "Вот и у нас есть такое живое ископаемое _ свой динозавр".

І далей: "Смотрите, что он говорил в 1947, 1948, 1950, 1953… годах".

Вось яно што! Значыць сачылі! Сачылі і публічна абражалі! Мікалай Іванавіч Ермаловіч быў ужо з таго часу (а можа і раней), як кажуць, пад калпаком!

У 1981 годзе на Вучоным савеце Інстытута гісторыі АН БССР было выказана патрабаванне звярнуцца ў ЦК КПБ, каб яму было забаронена друкавацца.

У 1984 годзе М.І.Ермаловіча тройчы выклікалі ў КДБ БССР з тае прычыны, што ён "піша гісторыю, у якой хоча даказаць адвечную самастойнасць Беларусі".

У 1987 годзе ў адной з рэспубліканскіх газет былі змешчаны разносныя артыкулы доктара гістарычных навук,

прафесара А.І.Залескага і доктара гістарычных навук, прафесара А.П.Ігнаценкі, у якіх яны бездоказна шальмавалі погляды М.І.Ермаловіча на полацкую гісторыю (гісторыю Полацкага княства).

Літаратурнай творчасцю М.І.Ермаловіч займаўся з 1936 года. Дэбютаваў вершам, прысвечаным смерці Максіма Горкага ў раённай газеце "Ударнік Дзяржыншчыны" (г. Дзяржынск) 22 чэрвеня 1936 года. З 1948 года друкуе ў маладзечанскай абласной газеце "Сталінскі шлях", у альманаху "Нарач", газетах "Звязда", "Літаратура і мастацтва", "Голас Радзімы", часопісах "Полымя", "Нёман", "Маладосць" і ў навуковых зборніках свае гістарычныя і літаратурна-крытычныя творы.

У 1963 _ 1964 гадах М.І.Ермаловіч выпускае рукапісны самвыдацкі часопіс "Падснежнік", чатыры выпускі якога выйшлі да 1964 года. Выхад "Падснежніка" спыніўся пасля зняцця з пасады Першага сакратара ЦК КПСС М.С.Хрушчова на кастрычніцкім (1964 г.) пленуме ЦК КПСС, калі ў грамадскім жыцці ўсталявалася атмасфера хваравітай падазронасці і "выкрывальнасці".