Што ён страціў? | страница 3
Зрабіўшы заказ, Сцяпан раптам вярнуўся да таго, што Анатоль сказаў у дзвярах:
— Чалавек ты не маленькі — не прыбядняйся. Справа іншая, што мы — больш на віду. Нас цяжка падабраць, каб гаспадары былі; ніякі інстытут не падрыхтуе добрых старшынь... Але калі ўжо натрапілі на гаспадара, то яго падтрымліваюць, яго ведаюць ажно ў ЦК, з ім лічацца. Вунь такі, як Арлоўскі, на ўсю краіну грыміць. Мы — сіла... Мы кормім народ...
Анатоль зноў усміхнуўся, зноў тыкнуў пальцам у дужку акуляраў і неяк нясмела заўважыў:
— Я асабіста заўсёды лічу, што народ корміць... цябе... мяне... усіх. І ты пісаў так.
— Ты мяне на слове не лаві. Вядома — народ... Хто гэта можа аспрэчваць? Любы прыхільнік культу асобы не адважыцца... Я проста не так сказаў... Добры старшыня калгаса, вядома, сіла, ад яго шмат што залежыць... Але галоўнае — народ, ён — тварэц свайго добрабыту. Я, брат, гэта вельмі добра разумею. Ты ж чытаў мой артыкул? Ведаеш, з чаго я пачаў у калгасе? Вось яно як!
Афіцыянтка прынесла заказаныя поўлітра гарэлкі і халодную закусь: кілбасу, селядца. Анатоль, як і пры заказе, зноў скрывіўся:
— Многа ты заказаў.
— Не палохайся, я меру ведаю. — Сцяпан наліў па першай чарцы. — Узялі!..
Анатоль падняў сваю чарку павольна, нават неяк урачыста і раптам загаварыў:
— Добра, давай... За народ... I за тое, каб мы, яго выхаванцы, яго служкі, ніколі не забывалі, што ён, народ, нас корміць і поіць.
У Сцяпана варухнулася брыво — ён здзівіўся такому красамоўству сябра: Анатолю, заўсёды такому ціхаму, сціпламу і дакладнаму, зусім не ўласціва была такая ўзнёсласць і паэтычнасць.
Анатоль выпіў сваю чарку, хутка закусіў селядцом і, пакуль Сцяпан быў заняты закускай, спяшаўся выказаць сваю думку:
— Прызнаюся, я спачатку здзівіўся, калі даведаўся, што ты і іншыя з вышэйшай адукацыяй пайшлі старшынямі... Мне здавалася, што гэта неразумна: рыхтаваць пятнаццаць-шаснаццаць год спецыяліста-юрыста, інжынера, і раптам — у калгас... А потым даведаўся, як ты працуеш, прачытаў твой артыкул і сказаў: правільна! Калі хочаш ведаць, то, можа, гэта і ёсць той подзвіг, пра які мы некалі гаварылі...
— А ты думаеш, мне лёгка было развітвацца з пасадай раённага пракурора? Я таксама думаў, як ты: вучыўся, атрымаў пасаду... А Клава як узбунтавалася: не паеду! Колькі слёз было! А цяпер — задаволена! Я і не думаў, што я — такі гаспадар! Сам дзіўлюся. Скажу табе шчыра: падабаецца мне быць такім гаспадаром... Кажуць, у каго эканоміка — у таго улада. Але не думай, што ўлада мне падабаецца. Не. — Сцяпан наліў па другой чарцы. — Па-чалавечаму прыемна, калі бачыш вынік сваёй працы не ў выглядзе папер, пратаколаў ці прамоў, а ў выглядзе засекаў са збожжам, бітонаў з малаком, капцоў з бульбай і рахунку ў банку...