Што ён страціў? | страница 2





— Я не магу, Сцёпа. Давай пасля. Увечары ты будзеш у горадзе? Я мушу ісці яшчэ ў пракуратуру. Няёмка.

Але Ластаўка падчапіў яго пад руку і амаль сілком цягнуў за сабой цераз дарогу ў той бок, дзе віднелася шыльда «Кафэ-рэстаран».

— Хто табе сказаў, што няёмка? Абедаў чалавек — выпіў сто грамаў. Каму забаронена? А начальніка твайго я ведаю — ён сам не адным квасам праганяе смагу. Не, скажаш? Мне вось яшчэ ў абком ісці, да першага на прыём. I то я не баюся. Няхай нават заўважыць. Няхай не вытрымае — скажа. Ён гэта можа! Дзядзька гэты, я табе скажу, прасцецкі, але розуму — палата... Прыжмурыцца так, ведаеш, і з гумарком спытае: «Што, клюнулі, Сцяпан Карнеевіч?» I што думаеш — буду адмаўляць, хавацца? Не! Узяў, скажу, Ілья Фаміч, сто грамаў, друга сустрэў, разам вучыліся, на адным ложку спалі... Як не адзначыць такі выпадак! Думаеш, не зразумее? Зразумее... Магчыма, скажа агульнавядомую і старую, як свет, ісціну: «Што ж, выпіць, канешне, не грэх, галоўнае — розуму не прапіваць». А што я розуму ніколі не прап’ю — у гэтым ён упэўнены. Дык чаму мне баяцца?

— Табе — безумоўна... — усміхнуўся Анатоль з хітра схаванай іроніяй, ветліва прапускаючы ў дзвярах сябра наперад: — Калі ласка... Тваё становішча іншае... А я — чалавек маленькі...

Кафэ было пустое, і яны, як гэта заўсёды бывае, калі вольных месц многа, добрую хвіліну разважалі, дзе лепей прымасціцца. Селі каля адчыненага акна. На двары верасень ужо даволі шчодра пазалаціў дрэвы, і на тратуар, на брук лажыліся лісты з ліпаў і каштанаў. Было незвычайна цёпла, нават горача. Уласна кажучы, Сцяпан не столькі шукаў больш утульнага месца, колькі — чысцейшага абруса. Але і на тым століку, за які яны селі, абрус усё адно быў брудны — па плямах на ім можна было чытаць усё меню рэстарана.

Сцяпан зморшчыўся.

— Калі гэта прывыкнуць людзі да культуры! — ён паклікаў афіцыянтку і грубавата патрабаваў замяніць настольнік. Дзяўчына наважылася пярэчыць, але глянула на Анатоля, убачыла, як ён адным пальцам паправіў свае пазалочаныя акуляры, плюснуў вачамі і далікатна зняў са стала свой новенькі партфель, і адразу пабегла на кухню. Праз хвіліну на стале ляжаў беласнежны накрухмалены абрус.

Сцяпан разгладзіў далонямі складку на ім і задаволена сказаў:

— Аказваецца, усё маюць, чэрці, але прывыклі, што наведвальнік наш непатрабавальны, прывык жыць па формуле, як у Чэхава — помніш? — «лопай — што даюць».

Анатоль ледзь прыкметна ківаў галавой у знак згоды і ўсміхаўся аднымі вачамі з-пад акуляраў.