Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 38



Паводле даследванняў М.І.Ермаловіча з ІХ стагоддзя да сярэдзіны ХІІІ стагоддзя рэй гісторыі Беларусі вёў Полацк, потым Новагародак. Ён сцвярджаў, што неабходна адрозніваць старажытную (летапісную) Літву, якая размяшчалася ў Верхнім Панямонні ў Беларусі, ад сучаснай Літвы ("Летувы").

Даследчык у сваіх творах звяртаўся да палітычнай гісторыі старажытных зямель Беларусі (Полацкая, Тураўская, Пінская, Новагародская, Гродзенская і іншыя). Не заставалася па-за яго ўвагай і Смаленская зямля. Ермаловіч дэталёва разгледзеў падзеі ІХ _ ХІІІ стагоддзяў, XIV _ XVI стагоддзяў, на аснове аналізу гістарычных першакрыніц, крытычна падышоў да поглядаў многіх іншых гісторыкаў. Ён абверг тэзіс расійскіх дарэвалюцыйных і савецкіх гісторыкаў пра заваяванне літоўцамі ("летувісамі") беларускіх зямель у другой палове ХІІІ стагоддзя. Ермаловіч характарызуе Вялікае княства Літоўскае як беларускую дзяржаву ў процівагу тым летувіскім (і не толькі летувіскім) гісторыкам, якія абвяшчаюць ВКЛ выключна летувіскай дзяржавай.

Такім чынам М.І.Ермаловіч зрабіў важкі ўзнёсак у гістарыяграфію Беларусі і яго ўплыў будзе доўга адчувацца ў ёй.

Георг ШТЫХАЎ

Рамантычны гісторык

Да 80-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча

І

Першая сустрэча не выпадае называцца першай. Ужо хоць бы таму, што, зазвычай, запамінаецца яна на ўсё жыццё…


…Летні нядзельны дзень той быў самым звычайным. Хіба што толькі незвычайна гарачым для Беларусі: на тэрмометры было амаль 30. Тысячы мінчан падаліся за горад: хто _ на дачу, хоць і было іх тады няшмат яшчэ, а хто _ проста на прыроду, да вады… На вуліцах _ нязвыкла пуста і прасторна.


У чытальнай зале Ленінскай (тады яшчэ Ленінскай) бібліятэкі нас, дзівакоў, двое. Я гартаю патрэбныя мне газеты, часопісы і кніжкі з архіваў; ён _ патрэбныя яму… Я ведаю, хто ён… Мы разам прыйшлі ў 10.00 у гардэроб, каб здаць вахцёрцы свае партфелі. А цяпер вось займаемся кожны сваёй справай.


У 11.45 у бібліятэцы традыцыйнае праветрыванне. Адчыняюцца вокны і дзверы, утвараецца моцны скразняк. І ён, і я выйшлі ў хол, праўда, ні ён, ні я не курым…


_ Добры дзень, Мікалай Іванавіч! _ набраўшыся ці то смеласці, ці то нейкага нахабства, падышоў я да яго.


_ Добры дзень, добры дзень… _ Ён неяк адначасова і засаромеўся, і ўздрыгануўся, і захваляваўся. Падаў руку: маю ж паціснуў моцна-моцна, нават неяк…незвычайна. _ А вы, прабачце, хто?


Ён блізка-блізка наблізіўся да майго твару. Я назваўся.


_ Я рады з вамі пазнаёміцца, _ апярэдзіў ён мяне. _ Сёння, ды яшчэ тут, у Ленінцы. Я чытаў што-нішто вашае. Дзякуй…