Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 30
У адрозненні ад беларускіх гісторыкаў Уладзіміра Іванавіча Пічэты і Мікалая Мікалаевіча Улашчыка, якія былі рэпрэсіраваны і сядзелі ў турме, Ермаловіч, на шчасце, не зазнаў такіх, як яны, цяжкіх выпрабаванняў _ і рэпрэсіі, і турмы, і ссылкі. Але і яму, жывучы ў Беларусі, спатрэбілася вялікая грамадзянская мужнасць.
Нягледзячы на сваё слабое здароўе, у барацьбе за праўдзівую гісторыю Беларусі, ён праявіў сапраўдны волатаўскі дух, быў паслядоўны і бескампрамісны.
Арыгінальныя гістарычныя творы М.І.Ермаловіча доўга ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях беларускіх часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасці, можна сказаць, масава пашыраліся, перадрукоўваліся і распаўсюджваліся самвыдатам сярод беларускіх навукоўцаў.
І толькі з часу так званай перабудовы ў СССР, якая пачалася з 1985 года, некалькі навуковых прац М.І.Ермаловіча ўбачылі свет.
Вядомы беларускі вучоны М.М.Улашчык так пісаў пра М.І.Ермаловіча ў лісце беларускаму гісторыку В.П.Грыцкевічу 1 лістапада 1984 года: "…Я ніколі не пісаў рэцэнзій на яго [М.І.Ермаловіча] артыкул, а толькі выказаў погляд, што такое пытанне вымагае для свайго вырашэння вялікай эрудыцыі і шмат часу. Між іншым, зараз, калі погляды Ермаловіча прыняты Тарасавым і выказаны вялікім
тыражом, пытанняў будзе больш і больш. На маю думку, гэта гіпотэза (зараз ніяк не больш) карысная тым, што ўзбудзіла цікавасць, але каб яе вырашыць, гэта значыць, каб адкінуць погляды, якія складаліся сотні гадоў, патрэбна эрудыцыя ўзроўню Лаўмянскага. Патрэбна навуковае веданне лацінскай і старанямецкай моваў і ўсіх еўрапейскіх моваў. Перш за ўсё патрэбна правяраць кожнае слова крыніц, лацінскіх і старанямецкіх, значна прасцей матэрыялы летапісаў…"
20 снежня 1985 года ўжо ў лісце да беларускага пісьменніка Э.В.Ялугіна М.М.Улашчык зноў звяртаецца да гіпотэзы М.І.Ермаловіча:
"…Цяпер пра Ермаловіча […]
Ермаловіч на гэтым месцы апантаны, і за гэта яго трэба шанаваць. Яго гіпотэза _ што не літоўцы заваявалі Беларусь, але наадварот, надта прывабная, і ў яго ўжо ёсць шмат прыхільнікаў, але гэта толькі гіпотэза, прытым у самай пачатковай форме. Адным з доказаў у Ермаловіча з'яўляецца наяўнасць на Беларусі паселішчаў з назваю «Літва». Сапраўды гэта доказ адваротнага: літоўцы сяліліся на Беларусі, ці ў Польшчы, ці на Украіне, для ваколічнага насельніцтва яны былі чужыя, літва, адсюль і назвы. Дарэчы, такіх назваў ёсць значна больш, чым у Ермаловіча… Каб гэтыя назвы загаварылі грунтоўна, трэба перш за ўсё ўстанавіць, калі яны заснаваны, бо, можа быць, і сто гадоў назад. Па-другое, каб даць такім назвам кваліфікаваную інтэрпрэтацыю, трэба быць моваведам вельмі высокай кваліфікацыі, дасканала ведаць літоўскую і лацінскую мовы, а таксама і стараславянскую.