Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 29



Справа з маімі вачыма пагоршылася. Катаракта пачала расці на правым воку, якое яшчэ крыху бачыць і якім я магу хоць крыху чытаць, бо левым я амаль нічога не бачу. Калі гэта катаракта выспее, гэта значыць, калі я канчаткова аслепну на правае вока, тады мне зробяць аперацыю, вядома, з няпэўнымі вынікамі. Але пакуль я бачу яшчэ, трэба нешта рабіць, чытаць і пісаць."

У пісьмах, з-за меркаванняў канспірацыі (як некалі ў падполлі!), М.І.Ермаловіч не называе сваіх аднадумцаў ні па прозвішчах, ні па імёнах, а проста іх называе "сябры".

Але новае слова ў беларускай навуцы пра ўзнікненне, станаўленне і развіццё Беларусі _ абгрунтаванае, моцнае і праўдзівае было ўжо сказана вялікім "аматарам-гісторыкам і аматарам-краязнаўцам", які не меў ні навуковых званняў, ні вучоных ступеняў.

У складанай сітуацыі таго часу, калі гісторыя Беларусі афіцыйна пачыналася з 1917 года, вывучэнне асаблівасцей нашага дасавецкага мінулага не выклікала спрыяльнага стаўлення з боку партыйнага кіраўніцтва. Але ўсё ж шэраг беларускіх гісторыкаў у савецкія часы, абыходзячы "небяспечныя абагульненні", займаліся краязнаўчымі даследваннямі, якія закраналі падзеі гісторыі Беларусі з сівой мінуўшчыны да сучаснасці. Так, з лакальных гісторый пачала

складвацца агульная беларуская гісторыя. Яе стваральнікамі былі Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, А.І.Мальдзіс, А.С.Ліс і іншыя беларускія навукоўцы, для якіх краязнаўства стала сродкам адыходу ад стандартнай савецкай гістарычнай тэматыкі і звароту да нацыянальных каранёў і вытокаў.

У 1980 годзе М.І.Ермаловіч прапанаваў адзначыць "Тысячагоддзе Беларусі". Дата бралася ад першых звестак пра Полацкага князя Рагвалода і Тураўскага князя Тура, датаваных 980 годам. Гэтая дата адзначалася неафіцыйна ў колах перадавой беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Да юбілею беларускі мастак Я.С.Кулік падрыхтаваў паштоўку з выяваю "Пагоні", беларускія мастакі Мікола Купава і Уладзімір Крукоўскі падрыхтавалі паштоўку і плакат, якія распаўсюджваліся самвыдатам, а таксама быў выраблены медаль беларускай мастачкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Тамары Іванаўны Васюк.

Паштоўкі былі перавыдадзены ў Лондане, атрымалі шырокі розгалас і гісторыка-культурніцкая імпрэза набыла сэнс палітычнай акцыі. Справа "Тысячагоддзе Беларусі" даследвалася КДБ БССР, некаторыя ўдзельнікі гэтай гістарычнай імпрэзы выклікаліся для дачы тлумачэнняў у КДБ БССР.

Нетрадыцыйнае, несавецкае бачанне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае незадавальненне беларускіх уладаў і адпаведных органаў, таму некалькі разоў на кватэру ў Маладзечна, дзе ў той час жыў М.І.Ермаловіч, прыходзілі супрацоўнікі КДБ БССР і прыносілі позвы з патрабаваннем з'явіцца і разабрацца з "извечной самостоятельностью белорусов".Следчым, якія выклікалі і гутарылі з М.І.Ермаловічам, трэба было дзесьці знайсці яго самвыдацкія творы, каб, вывучыўшы іх, спрачацца нараўне з вучоным аб яго неардынарнай канцэпцыі развіцця гісторыі Беларусі. Некаторым следчым гэта было не да спадобы і не пад сілу _ многія з іх наогул не ведалі афіцыйнай гісторыі Беларусі, а некаторыя з іх не мелі нават адпаведнай адукацыі. Але трэба было трымацца прымаўкі: "Перш, чым змагацца з ворагам, трэба яго ведаць", і ім прыходзілася знаёміцца з канцэпцыяй вучонага. Бо не выпадкова, да слова кажучы, нават акружэнне рымскага папы ў барацьбе з камунізмам, які "распаўзаўся па ўсёй планеце", старанна вывучала творы К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна і іншых вядомых ідэолагаў камуністычнага будаўніцтва.