Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 3
Па нашых даследаваннях высветлілася, што свае "Гутаркі" і вершы Мікола Іванавіч актыўна распаўсюджваў сам і перадаваў іх для распаўсюджвання не толькі Яўгену Куліку, але і іншым сябрам-аднадумцам і паплечнікам.
Мы спадзяемся, што поўная публікацыя вершаў і "Гутарак" Міколы Іванавіча зменіць наша ўяўленне аб тым літаратурна-грамадскім працэсе ў Беларусі, які адбываўся ў 60-х _ 80-х гадах ХХ стагоддзя. Мы спадзяёмся, што новая генерацыя літаратуразнаўцаў і крытыкаў, не заангажаваная старымі савецкімі дагматамі, звернецца да разгляду літаратурнай спадчыны Міколы Іванавіча Ермаловіча і вызначыць яго сапраўднае месца ва ўсім літаратурным працэсе гэтых гадоў.
Мы звяртаемся да Вас, маладыя літаратуразнаўцы, і шчыра верым, што Вы, і толькі Вы зможаце гэта ажыццявіць і тым самым прынясіцё велізарную карысць, як для ўсёй беларускай літаратуры і ўсёй яе культуры, так і для паказу ўсяго працэсу прабуджэння беларускага народа, бо гісторыя літаратуры і культуры _ гэта ёсць паказ і
ажыццяўленне працэсу распрыгоньвання чалавека і яго духа.
Менавіта гэтую вялікую ролю распрыгожвання Беларусі добраахвотна ўсклаў на сябе Мікола Іванавіч і да канца жыцця самаахвярна ажыццяўляў яго. Калі ў Расіі, пачынаючы з 60 _ 80-х гадоў ХХ стагоддзя, гісторыкі грамадскага руху налічылі прыкладна 2400 вязняў сумлення, то мы, беларусы, не можам пахваліцца такой лічбай. Але ў нас быў Мікола Іванавіч, які адзін мог замяніць сотні другіх. Ён быў нашым Гісторыкам, які вярнуў нашаму народу тую гістарычную праўду, якую на працягу 400 гадоў хавалі ад нас. Ён быў нашым вялікім Паэтам, які клікаў нас да святла, розуму, волі і незалежнасці. Ён быў нашым вялікім Дэсідэнтам, якому ўдалося сфарміраваць нашу грамадзянскую і нацыянальную свядомасць.
І ўсё ты, дарагі і паважаны чытач, знойдзеш у гэтай кнізе, ва ўспамінах сяброў і сімпатыкаў Міколы Іванавіча, якія збіраліся на некалькіх вечарах у клубе "Спадчына" і прынялі на сябе адказнасць _ данесці да ўсіх, хто можа не толькі чытаць, але і разважаць аб праблемах нашага жыцця і праблемах Адраджэння нацыі і краіны, аб чалавеку, які выратаваў наш нацыянальны гонар.
Але чытач можа задаць і такое пытанне: а чаго няма ў гэтай кнізе? Яму я мог бы расказаць шмат таго, чаго няма ў гэтай кнізе, але я яму працытую толькі тое, што было напісана, прыкладна, да 1938 года ў "Запісах Беларускага Навуковага Таварыства" Міколам Восіпавічам Шкялёнкам (1899 _ 1946) у артыкуле "Да метадалогіі гісторыі Беларусі", дзе аўтар не бярэцца дэталёва разглядаць гісторыю Беларусі, але дае наступным гісторыкам роднага краю толькі свой арыгінальны метадалагічны падыход да разгляду гісторыі Беларусі: