Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 2
чаму рэдакцыя часопіса "Полымя" катэгарычна адмовілася ад публікацыі яго вершаў? Чаму сам Мікола Іванавіч, які праз мяне быў цесна звязаны з рэдакцыяй беларуска — амерыканскага часопіса "Полацак", не звярнуўся ні да мяне, ні непасрэдна ў рэдакцыю часопіса (а ён неаднаразова сустракаўся з яе кіраўнікамі) з прапановай надрукаваць свае літаратурна-публіцыстычныя творы? Друкавалася ж у "Полацаку" яго эпісталярная спадчына, яго ўспаміны ў сувязі з яго 70-годдзем і нават верш, прысвечаны яму. І калі пасля таго, як часопіс "Полацак" упершыню ў нашым літаратурна-грамадскім жыцці адзначыў юбілей нашага слыннага беларускага гісторыка, я сустрэўся з ім, уручыў яму стос часопісаў і запытаў, якія яго матэрыялы можна было б яшчэ надрукаваць у часопісе. Мікола Іванавіч адказаў, што ўсё тое, што варта публікацыі, ён аддаў іншым выдаўцам. А гэта быў 1991 год. Можа гэта была сціпласць сапраўднага Беларуса, ці Мікола Іванавіч сваім літаратурным творам не прыдаваў вялікага значэння, ці можа ён хацеў у першую чаргу апублікаваць свае гістарычныя працы, на якія ён патраціў усё сваё жыццё і сілы, а пася толькі вярнуцца да выдання сваіх літаратурных твораў? А можа, сапраўды, Мікалай Іванавіч да гэтага часу аддаў некаму з выдаўцоў (а ў гэты час прыватных выдавецтваў ужо было шмат) свае творы і чакаў калі яны будуць апублікаваны. І на вялікі жаль Мікола Іванавіч гэтага светлага часу не дачакаўся. Мабыць, пасля адпаведнага чакання ён перадае амаль адначасова для публікацыі свае творы сваім блізкім сябрам-аднадумцам і паплечнікам двум Аляксеям _ Каўку і Марачкіну, і яшчэ трэці стос вершаў ён перадае ў 1999 годзе мастаку Уладзіміру Крукоўскаму для падрыхтоўкі публікацыі ў часопісе "Роднае слова" (№ 12, 1999 г. і № 4, 2001 г.), а таксама пачынае друкаваць у часопісе "Зрок". Чаму Аляксей Каўка, які атрымаў ад
самога Міколы Ермаловіча 10 красавіка 1994 года найбольш поўны камплект "Гутарак" і вершаў, так і не змог надрукаваць іх у сваім альманаху "Скарыніч" і пасля доўгіх гадоў утрымання вярнуў іх у Беларускі дзяржаўны музей-архіў літаратуры і мастацтва? У суправаджальнай запісцы Аляксею Каўку Мікола Ермаловіч пісаў: "Пакідаю Вам "Гутаркі" і некаторыя свае вершы. На жаль памылкі друку я выправіць не магу і гэта трэба ўлічваць пры чытанні некаторых месц. Спадзяюся, што гэтыя матэрыялы пры выкарыстанні будуць звернуты мне. Мікола Ермаловіч. 10.ІV.94. Менск",
Як бачым, маскоўскі сябра не паклапаціўся, каб надрукаваць хоць частку літаратурнай спадчыны Міколы Ермаловіча ці ў сваім альманаху, ці, карыстаючыся сваім вялікім аўтарытэтам, у іншых альманахах і часопісах.