Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 27
якіх была занята Іванам Грозным. Гэта версія праз знакамітую "Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі" (1582) гісторыка, храніста і паэта Мацея Стрыйкоўскага (1547 _ каля 1590) перайшла ў кнігі па гісторыі, пазней была некрытычна прынята многімі вучонымі і доўгі час не пераглядалася.
Значнай перашкодай, указвае М.І.Ермаловіч, для аб'ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння ВКЛ з'яўляецца атаясамліванне старажытнай Літвы ХІ _ ХІІІ стагоддзяў, з усходняй часткай сучаснай Літвы. Літва _ гэта Аўкштайцыя. Старажытныя летапісы і тапаніміка паказваюць, што старажытная Літва ХІ _ ХІІІ стагоддзяў займала тэрыторыю ад Маладзечна да Заслаўя і Дзяржынска (усходняя мяжа старажытнай Літвы праходзіла прыблізна ў 30 кіламетрах ад Мінска), далей да сучасных гарадоў Баранавічы, Ляхавічы, Слонім. Заходняя мяжа старажытнай Літвы праходзіла за 20 кіламетраў ад Новагародка, каля Карэліч. Па рацэ Бярэзіне праходзіла мяжа паміж старажытнай Літвою і Полацкім княствам. Старажытная Літва пакінула на тэрыторыі Беларусі "сляды" ў выглядзе назваў вёсак "Літва" у Слонімскім, Ляхавіцкім, Уздзенскім, Стаўбцоўскім, Маладзечанскім раёнах. Гэтыя назвы вёсак "Літва" супадаюць з летапіснымі. А межы сучаснай, ці геаграфічнай, Літвы нам вядомы.
Тое, што ўтварэнне ВКЛ суправаджалася заваяваннем балцка-літоўскіх зямель (Літвы, Нальшчанаў, Дзяволтвы), знішчэннем і выгнаннем іх феадалаў, адхіляе пашыранае ў гістарычнай навуцы сцвярджэнне, што ўзнікненне ВКЛ дыктавалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў. Утварэнне ВКЛ было вынікам эканамічнага, палітычнага і культурна — этнічнага збліжэння і аб'яднання беларускіх зямель, то гэты гістарычны працэс адпавядаў інтарэсам беларускіх феадалаў, што і характарызуе найперш ВКЛ як беларускую дзяржаву. У перыяд утварэння ВКЛ літоўцы (жамойты) не мелі ўласнай пісьменнасці. І цяпер становіцца зразумелым, чаму ў ВКЛ
пануючае месца заняла беларуская культура і дзяржаўнай была старабеларуская мова. На старабеларускай мове пісалася ўся Літоўская метрыка, дзяржаўныя акты, у тым ліку "Статут Вялікага княства Літоўскага (тры выданні), дакументы, летапісы, мастацкая літаратура.
М.І.Ермаловіч у сваёй канцэпцыі ўтварэння ВКЛ характарызуе Вялікае княства Літоўскае як беларускую дзяржаву. У ХІІ _ пачатку ХІІІ стагоддзя па свайму эканамічнаму і палітычнаму развіццю на першае месца сярод іншых беларускіх зямель вылучаецца Новагародская зямля, якую гісторыкі называюць часам Чорнай Руссю. І з сярэдзіны ХІІІ стагоддзя пачынаецца яе хуткае эканамічнае і культурнае развіццё, чаму садзейнічала ўдалае геаграфічнае становішча Полацкай зямлі (княства), якая ляжала на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў з усходу на захад і з поўначы на поўдзень на вядомым шляху "з варагаў у грэкі".