Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 26
У 1944 годзе, працуючы завучам Дзяржынскай беларускай СШ, М.І.Ермаловіч, праводзячы ў 8-м класе ўрок па гісторыі на тэму "Татарскае нашэсце і літоўскае заваяванне", звярнуў увагу на тое, што татарскае нашэсце ў падручніку па гісторыі падаецца дэталёва, падрабязна, а пра заваяванне літоўцамі сказана сцісла, коратка, мала, літаральна некалькі сказаў: князь Міндоўг аб'яднаў літоўскія землі і пачаў заваёўваць заходне-рускія землі; заваяваў першыя гарады Навагрудак, Ваўкавыск, Слонім і зрабіў Навагрудак сталіцай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). А калі і як гэта было заваявана _ невядома? Як утваралася ВКЛ? У падручніку пра гэта нічога не было сказана. А дзе ж гэта напісана?
І Мікалай Іванавіч пачаў дэталёва вывучаць летапісы, хронікі, акты, разнастайныя дакументальныя крыніцы. Накапаў шмат _ усё новае, цікавае, невядомае, нідзе, ніколі і нікім не было выкарыстана. Што ён убачыў _ аж жахнуўся? Дык жа чаму гэта не было выкарыстана _ можа чыталі, ды не заўважылі, ці мо не хацелі заўважыць.
А вось сведчанне Іпацьеўскага летапісу пад 1251 годам: "Міндовг вражбою бе за ворожьство Литву зане". Як бачна, не Навгрудак і іншыя блізкія тут гарады заваяваў, а Літву. Ніхто, дарэчы, да Мікалая Іванавіча Ермаловіча не цытаваў гэтыя словы. З канца 50 _ 60-х гадоў ХХ стагоддзя ён стала пачаў займацца гісторыяй Беларусі, шукаць адказы на пытанні: што і дзе было, калі?
Вынікам карпатлівай даследнай працы М.І.Ермаловіча становіцца напісанне ў 1968 годзе ім кнігі "Па слядах аднаго міфа", якая на працягу доўгага часу хадзіла па руках самвыдатам. Упершыню гэтая кніга афіцыйна выйшла ў 1989 годзе ў выдавецтве "Навука і тэхніка" АН БССР у рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве (загадчык А.І.Валахановіч). Фрагменты першага варыянта гэтай кнігі былі ў свой час апублікаваны ў адным з акадэмічных выданняў па археалогіі і адразу ж сустрэлі адпор з боку кансерватыўных беларускіх савецкіх гісторыкаў, якія прапанавалі звярнуцца ў ЦК КП Беларусі з афіцыйным лістом, каб забараніць М.І.Ермаловічу друкаваць свае навуковыя творы.
Невялікая па памеру кніга М.І.Ермаловіча "Па слядах аднаго міфа" вытрымала тры выданні _ 1989, 1991, 2001, аб'ём 6 улікава-выдавецкіх аркушаў, дзе ў першыню ў гістарыяграфіі Беларусі выкладзена канцэпцыя ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, калі, перафразіруючы вядомы выраз вядомага класіка, _ "гэтая невялікая кніжачка варта цэлых тамоў", нарабіла шмат шуму.
М.І.Ермаловіч, дэталёва даследаваўшы старажытныя летапісныя крыніцы і старанна вывучыўшы падзеі ІХ _ ХІІІ стагоддзяў, крытычна падышоў да поглядаў многіх гісторыкаў, абверг тэорыю расійскіх дарэвалюцыйных і савецкіх гісторыкаў аб заваяванні літоўцамі ("летувісамі") беларускіх зямель у другой палове ХІІІ стагоддзя. Ён даказаў, што ніводная гістарычная крыніца не пацвярджае літоўскага заваявання беларускіх зямель, што нібыта паклала пачатак утварэнню ВКЛ. Такое сцвярджэнне, адзначае даследчык, узнікла ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя, каб ідэалагічна абгрунтаваць права ВКЛ на беларускія землі, значная частка