Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 25



У 1914 годзе дзед Міколы Ермаловіча купіў у нашчадкаў капітана Шустава адзін з хутароў Малыя Навасёлкі (у народзе часам называюць шустаўка). Яшчэ раней гэтыя землі належалі панам Кастравіцкім [з гэтага роду выйшлі вядомыя паэты _ беларускі Карусь Каганец (К.К.Кастравіцкі) і французкі Гіём Апалінэр (сапраўднае Гіём Альбер Уладзімір Аляксандр Апалінарый Кастравіцкі)], але за актыўны ўдзел у паўстанні 1863 _ 1864 гадоў ў Беларусі і ў Літве абодва браты былі сасланы ў Сібір, маёнтак секвестраваны (забарона карыстацца маёмасцю, якую накладваюць органы ўлады) у царскую казну, потым падораны капітану Шуставу. У 1930 годзе тут, на "шустаўскіх" землях, быў арганізаваны калгас "Победа".

Цікавасць да роднай гісторыі ў малога Міколкі абудзілася ў 2-м класе літаральна з аднаго сказа школьнага падручніка па беларускай мове: "Полацк _ самы старажытны горад Беларусі". Яго, малога, зацікавіла: Чаму? І вось гэта неардынарная цікавасць чаму? што? калі? дзе? да роднай гісторыі крочыла поруч з ім усё свядомае жыццё.

У 1938 годзе М.І.Ермаловіч скончыў Дзяржынскую беларускую СШ і паступіў на філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў тры курсы інстытута. З-за дрэннага зроку быў вызвалены ад вайсковай службы і працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Мардоўскай АССР (РСФСР), дзе выкладаў рускую мову і літаратуру. Калі напрыканцы 1943 года пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ён вяртаецца ў Беларусь і ў былым Суражскім раёне Віцебскай вобласці працуе інспектарам райАНА. У 1946 годзе прыязжае на сваю малую радзіму _ у Дзяржынскі раён, у вёску Малыя Навасёлкі. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны працягваў вучобу ў педінстытуце, які закончыў у 1947 годзе.

Пасля заканчэння педагагічнага інстытута М.І.Ермаловічу параілі паступіць у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры АН БССР і прафесійна заняцца навукова-даследчай дзейнасцю. Ён даў згоду і прапанаваў сваю тэму для кандыдацкай дысертацыі: "Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ стагоддзі". Але гэтую тэму М.І.Ермаловічу "зарэзалі" без ніякіх тлумачэнняў тагачасныя "дырэктары" ад навукі і прапанавалі яму пісаць дысертацыю на тэму: "Вобраз Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна ў беларускай літаратуры і фальклоры". Кошт самой тэмы і дарагога вобраза "правадыра ўсіх часоў і народаў" Мікалай Іванавіч Ермаловіч добра ведаў з асабістага жыццёвага вопыту _ яго бацька быў у свой час рэпрэсіраваны _ і не пайшоў на здзелку са сваім сумленнем _ нават у імя асабістай будучыні. З-за непадпарадкавання карыфеям беларускай навукі, М.І.Ермаловіч апынуўся ў горадзе Маладзечна, дзе 7 год выкладаў беларускую літаратуру ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце. Пасля закрыцця інстытута да 1957 года працаваў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У 1957 годзе выйшаў на пенсію ў сувязі са значнай стратай зроку. З-за дрэннага зроку _ "нізкі на вочы" _ насіў акуляры з 9 гадоў. Маці ўзяла некалі малога груднога Міколку на поле, дзе яна жала жыта. Паклала яго на зжатае поле і не зрабіла навесіка над ім ад гарачага жнівеньскага сонца. Сонца паліла маленькаму немаўлятку ў адкрытыя вочкі і папсавала іх.