Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 24



Ва ўступным слове я паставіў задачу перад сябрамі клуба: сабраць матэрыялы, успаміны і надрукаваць кнігу-бюлетэнь "Спадчына _ 4", прысвечаную Міколу Іванавічу Ермаловічу. Гэта будуць яго вершы, лісты, выступленні, а таксама успаміны сяброў і паслядоўнікаў. Пасля я падзяліўся найбольш яркімі ўспамінамі пра Міколу Іванавіча. У гэты вечар слова пра Міколу Іванавіча казалі старшыня ТБМ Алег Трусаў, зямляк Міколы Іванавіча настаўнік і паэт Алег Цімохін, прафесар Георг Штыхаў, пісьменнік Алесь Петрашкевіч, прафесар Аляксей Саламонаў, гісторык Міхась Чарняўскі, даследчык і паслядоўнік у справе вывучэння гісторыі ВКЛ Аляксандр Пухоўскі. Са сваімі ўспамінамі пра дзядзьку падзялілася пляменніца Людміла Леанідаўна

Собаль. Я не буду засяроджвацца на гэтых выступленнях, так як усе яны трапяць у нашу кнігу.

У гэты вечар медалём Міколы Ермаловіча быў ганараваны паэт і сябра клуба "Спадчына" Яўген Гучок за яго верш "Слова пра Міколу Ермаловіча" і Павел Севярынец за кнігу "Нацыянальная ідэя", дзе ён працягвае і папулярызуе светапогляды нашага вялікага гісторыка.

Вось і падышлі да завяршэння нашы ўспаміны і апісанне сустрэч і сумесных дзеянняў сяброў клуба "Спадчына" з Міколам Іванавічам Ермаловічам. Яны пакінулі значны след ва ўсёй дзейнасці клуба, у яго накірунках і той выніковасці, якую ён праводзіў на карысць сваёй Радзімы. І ў многім такая вялікая выніковасць ажыццяўлялася дзякуючы нашай супольнай працы, пастаянным кансультацыям і абменам думкамі, дзякуючы самаахвярнасці і вялікаму грамадзянскаму прыкладу, які паказваў усім нам наш сябра "Айчыне сваёй прыслугоўваючы" _ Мікола Іванавіч Ермаловіч. Мы проста не хочам адставаць ад яго.

Анатоль БЕЛЫ

САМАБЫТНЫ ГІСТОРЫК,

НЯСКОРАНЫ ЧАЛАВЕК

Мікалай (Мікола) Іванавіч Ермаловіч нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі Койданаўскай воласці Мінскага павета (цяпер Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) у вялікай сялянскай працавітай сям'і. Бацька, Іван Іванавіч, працаваў у калгасе конюхам. У 1937 годзе быў рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956 годзе (пасмяротна); маці, Стэфка Юр'еўна, працавала калгасніцай. У яго былі браты Валянцін і Леанід і сястра Марыя. Леанід Іванавіч нарадзіўся 27 ліпеня 1923 года. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Навасёлкаўскай СШ Дзяржынскага раёна. Валянцін Іванавіч нарадзіўся 17 сакавіка 1925 года, беларускі акцёр, заслужаны работнік культуры БССР. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Усе да гэтага часу памерлі.