Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 23
Мне было даручана сумесна з кіраўнікамі горада адкрываць помнік: зняць з каменя з барэльефам пакрывала. Д.Б.Жук, якая кіравала працэсам і цырымоніяй урачыстасцяў, у сваёй прамове выказала шчырую падзяку ўсім, хто меў дачыненне да гэтай важнай і высокароднай справы _ увекавечванне памяці М.І.Ермаловіча ў Маладзечне. Намеснік старшыні гарвыканкама Н.Ю.Шмакава ўручыла Ганаровыя граматы мне і скульптару Уладзіміру Мелехаву. Слова пра М.І.Ермаловіча сказалі Анатоль Грыцкевіч, Генрых Далідовіч, Аляксей Саламонаў, Лявон Цімохін (Маладзечна), Яўген Гучок, Пётр Краўчанка, брат Міколы Іванавіча Валянцін Іванавіч Ермаловіч. На адкрыцці помніка прысутнічала дачка Міколы Іванавіча Алена Мікалаеўна. У час адкрыцця помніка медалём Міколы Ермаловіча былі ганараваны Святаслаў Палівода, Генрых Далідовіч, браты Міколы Ермаловіча Леанід і Валянцін, Музей Міколы Ермаловіча пры Таварыстве інвалідаў па зроку. Медаль "Пагоня" атрымаў маладзечанскі краязнавец і рэдактар часопіса "Куфэрак Віленшчыны" Мікола Казлоўскі.
Адкрыццё помніка М.І.Ермаловічу вылілася ў сапраўднае свята горада Маладзечна, у беларускае свята. Нездарма старажытныя грэкі помнікам ушаноўвалі толькі багоў і герояў. Для нас Мікола Іванавіч Ермаловіч з'яўляецца і беларускім богам, і беларускім героем.
У чэрвені 2004 года выдадзена паштоўка "Да 20-годдзя клуба "Спадчына". У серыі "Вялікія беларусы ХХ стагоддзя" выдадзена паштоўка "Мікола Ермаловіч. Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі". На паштоўцы выява барэльефа работы скульптара Уладзіміра Мелехава. Паштоўка выдадзена ў двух варыянтах. У першым _ на адвароце верш Яўгена Гучка "Слова пра Міколу Ермаловіча", у другім _ верш самога Міколы Ермаловіча і верш-адказ Аляксея Саламонава.
28 красавіка 2006 года адбыўся вечар клуба "Спадчына" з нагоды 85-х угодкаў з дня народзінаў Міколы Ермаловіча. Вечар праходзіў у Чырвоным касцёле ў дольнай тэатральнай зале. На вечар прыйшлі сябры клуба "Спадчына", пісьменнікі, гісторыкі, шматлікія прыхільнікі і паслядоўнікі вялікага вучонага і Беларуса, дачка Міколы Іванавіча Алена Мікалаеўна і пляменніца Людміла Леанідаўна Собаль.
На сцэне тэатральнай залы былі размешчаны два партрэты Міколы Ермаловіча: першы _ аўтар Алесь Цыркуноў, другі _ аўтар Анатоль Крывенка. Наведвальнікам як бы была дадзена магчымасць самім вызначыць мастацкую вартасць гэтых партрэтаў. Але галоўнае заключалася не ў мастацкім спаборніцтве, а ў той любові сяброў клуба "Спадчына" да свайго ганаровага сябра, у той грамадзянскай адказнасці, якую дабраахвотна ўсклалі на сябе сябры клуба ў справе папулярызацыі навуковай творчасці М.І.Ермаловіча.