Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 22



3. Чаму М.І.Ермаловічу ўдалося найболей поўна, цэласна, лагічна і навукова даказаць і энцыклапедычна распрацаваць гісторыю Беларусі з Х па ХVІІІ ст. ст.?

4. Чаму з імем М.І.Ермаловіча маладое пакаленне, ды і старэйшае, звязвае вяртанне гістарычнай памяці беларусаў?

5. У чым феномен навуковай дзейнасці М.І.Ермаловіча?

6. Чаму, паводле трапнай заўвагі Язэпа Аляксандравіча Юхо, у Міколы Іванавіча няма "прымазаўшыхся" да яго вучэння. Ёсць толькі людзі, якія прачытаўшы яго, сталі шчырымі прыхільнікамі Міколы Іванавіча?

7. Якое ўздзеянне аказаў М.І.Ермаловіч на далейшае развіццё гістарычнай навукі ў Беларусі?

На вечары памяці Міколы Ермаловіча выступілі пісьменніца Вольга Іпатава, прафесар Язэп Юхо, пісьменнік Генрых Далідовіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ Мікола Сташкевіч, гісторык Віталь Скалабан, былы намеснік рэдактара "Беларуская энцыклапедыя" імя Пятруся Броўкі драматург Алесь Петрашкевіч, мастак Мікола Купава, старшыня Койданаўскай рады БНФ Анатоль Станкевіч, прафесар Аляксей Саламонаў, скульптар Аляксандр Шатэрнік, свой верш "Слова пра Міколу Ермаловіча" прачытаў Яўген Гучок. Выступілі артысты.

Некаторыя з гэтых выступленняў будуць надрукаваны ў гэтай кнізе.

26 чэрвеня 2003 года медальерам, скульптарам і мастаком Уладзімірам Мелехавым была завершана гіпсавая форма пад помнік Міколы Ермаловіча. У гэтым жа месяцы скульптар Алесь Фінскі зрабіў медаль Міколы Ермаловіча. Я зрабіў 15 адбіткаў. Камітэт Ушанавання прыняў рашэнне аб ганараванні медалём Міколы Ермаловіча тых, хто спрычыніўся да узвядзення помніка гісторыку, у надрукаванні яго твораў і папулярызацыі яго навуковай дзейнасці.

У ліпені 2003 года два бронзавыя барэльефы помніка Міколы Ермаловіча былі адліты.

24 жніўня 2003 года я завяршыў устаноўку помніка на сядзібе Музея выяўленчага мастацтва фонд Анатоля Белага ў г. Старыя Дарогі.

20 _ 22 лістапада 2003 года я, Алесь Цыркуноў, Мікола Лавіцкі і сябра Маладзечанскай рады ТБМ Святаслаў Палівода ўстанаўлівалі помнік Міколу Ермаловічу ў Маладзечна.

28 лістапада 2003 года ў Маладзечна прайшло ўрачыстае адкрыццё помніка вялікаму беларускаму гісторыку, ганароваму грамадзяніну горада, ганароваму сябру клуба "Спадчына" Міколу Ермаловічу.

Урачыстасць ладзілася гарадскімі ўладамі пры шырокім удзеле грамадства і сяброў Мінскага клуба "Спадчына", Таварыствам інвалідаў па зроку, сябрам якіх быў Мікола Ермаловіч (яно выдзеліла аўтобус для дастаўкі мінскай дэлегацыі ў Маладзечна).