Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 19



позна павінна згінуць.

_ Няўжо вы верыце, што гэта дазволяць зрабіць?

_ Зробіцца само і без дазволу.

_ А як наконт перагляду гісторыі?

_ У нас існуе не гісторыя Беларусі, а здзек над ёю. Такая гісторыя прыніжае годнасць беларуса.

_ Таму вы так апантана падтрымліваеце Міколу Ермаловіча?

_ Гэта так, таму што Мікола Ермаловіч выратоўвае гонар усёй нашай Беларусі, усёй нашай нацыі.

_ Гэта старажытныя часы, а сучасная гісторыя?

_ Усё абразуміцца, праўда і тут пераможа.

_ Для перамогі гэтай праўды трэба каб адчынілі ўсе архівы, а гэта вам ніхто не дазволіць зрабіць.

_ Значыць адчыняць усе, каб атрымаць усю праўду.

_ Гэтага ўжо вы ніколі не дачакаецеся!

Вось такая цікавая размова з адукаванай і разумнай жанчынай з сям'і беларускага рэвалюцыянера і партыйнага дзеяча, якая ў тыя часы ведала пра гэтую "праўду" такое, аб чым я і многія іншыя не маглі і здагадвацца, якая не верыла ні ў якія перабудовы, ні ў якія магчымыя змены, якая, як гавораць, і ў страшным сне не магла ўбачыць, што рэжым КПСС хутка рухне, што ўсе іхнія "навуковыя распрацоўкі" стануць нікому не патрэбнымі і толькі навуковая канцэпцыя Міколы Ермаловіча стане па-сапраўднаму запатрабаваная беларускім народам, што яна афіцыйна ўвойдзе ў падручнікі для студэнтаў ВНУ як "Канцэпцыя ўтварэння Вялікага княства Літоўскага" ў кнізе М.І.Ермаловіча "Па слядах аднаго міфа" ("Гісторыя Беларусі", частка І. Мн. "Універсітэцкае" выд. 1998. С. 92 _ 101).

4 сакавіка 2000 года Мікола Іванавіч Ермаловіч трагічна загінуў. 2 сакавіка 2001 года клуб "Спадчына" ладзіў вечар памяці нашага ганаровага сябра ў Доме літаратара. Сабралася шмат людзей. З успамінамі аб Міколе Ермаловічу выступілі многія пісьменнікі, навукоўцы, мастакі. Наш сябра Яўген Лаўрэль адаптаваў гэтыя ўспаміны і многія з іх будуць надрукаваны ў кнізе. Такім чынам мы імкнемся ўшанаваць не толькі нашага сябра па клубу, але ўсіх тых, хто спрычыняўся і дапамагаў Міколу Іванавічу ў цяжкую хвіліну жыцця і змагання, хто падтрымліваў яго канцэпцыю і спрыяў яе пашырэнню і папулярызацыі. Бо яго канцэпцыя, без перабольшання, _ ідэал ўсяго нашага нацыянальна — вызваленчага руху, за яе варта змагацца, бо гэта змаганне за гонар Беларусі.

На вечарыне прайшла прэзентацыя карціны сябра клуба "Спадчына", мастака Алеся Цыркунова, прысвечаная Міколу Ермаловічу, якая была спецыяльна напісана для гэтага вечара. Алесь Цыркуноў у сваім выступленні расказаў аб сваім бачанні і трактоўцы гэтай карціны, аб стварэнні вобраза Міколы Іванавіча.