Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 16



2 ліпеня 1998 года ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы клуб "Спадчына" ладзіў вечарыну, прысвечаную 745-м угодкам з дня каранацыі Міндоўга на караля Літвы і Русі. Гэта была любімая тэма Міколы Ермаловіча, таму і даклад яго быў цікавы і змястоўны. Выступалі прафесары Я.А.Юхо і Г.В.Штыхаў.

5 снежня 1998 года сябры клуба "Спадчына" наведалі майстэрню вядомага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, які ўзяўся зрабіць помнік першаму народнаму артысту Уладзіславу Галубку. Сярод сяброў клуба быў і Мікола Ермаловіч. Тэма Галубка, тэма беларускага тэатра яго вельмі хвалявала і цікавіла. Ён прыняў самае актыўнае абмеркаванне ў разглядзе тых двух праектаў помніка, якія паказаў нам скульптар. Але гэтыя праекты не задаволілі ні Міколу Іванавіча, ні астатніх наведвальнікаў майстэрні.

11 снежня 1998 года ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы клуб "Спадчына" ладзіў прэзентацыю свайго чарговага альманаха "Скрыжалі "Спадчыны" _ 3". Актыўны ўдзел у прэзентацыі кнігі браў і М.І.Ермаловіч. Ён не адзначыў у сваім выступленні цікавыя артыкулы Ігара Курыцына "Адкуль родам крывічы?", Вітаўта Чаропкі "Міф Пагоні", але даў ім свае навуковыя каментарыі і пажадаў аўтарам далей працаваць над гэтай тэмай. Будучы сам паэтам і вялікім знаўцам прыгожай славеснасці, Мікола Іванавіч высока адзначыў нізку вершаў Святланы Багданкевіч і Яўгена Гучка.

1 лютага 1999 года сябры клуба "Спадчына" ладзілі вечар ушанавання ганаровага сябра клуба Анатоля Пятровіча Грыцкевіча з нагоды яго 70-годдзя. З пранікнённым словам аб навуковай дзейнасці Анатоля Грыцкевіча, аб яго ўкладзе ў развіццё гістарычнай навукі у Беларусі, аб тым уплыве, які ён аказаў сваімі навуковымі творамі на выступоўца, выступіў Мікола Іванавіч Ермаловіч і прэзентаваў свайму калегу кветкі.

Усе гэтыя запісы пададзены ў храналагічнай паслядоўнасці, бо зафіксаваны ў "Дзённіку клуба "Спадчына", які вядзецца на працягу 22 гадоў. Але мая памяць захоўвае і іншыя моманты нашых цікавых сустрэч, якія не зафіксаваны ў "Дзённіку" і даты якіх сталі ўжо даволі расплыўчатымі. Напрыклад, на гістарычным факультэце БДУ ладзіўся арганізацыйны сход гісторыкаў па стварэнню першай прафесіянальнай арганізацыі беларускіх гісторыкаў ці горада Мінска, ці ў БССР. "Высачайшы манаршы" дазвол на яго арганізацыю і правядзенне давала КПБ і яе "мудры" ЦК (гэта было ў апошнія месяцы ці ў апошні год яе кіравання). Як у тыя часы вадзілася, ужо былі ўзгоднены старшыня саюза і савет аб'яднання. Заставалася фармальна праштампаваць гэта. З'езд праводзіўся келейна, без агалоскі і аб'яў. Запрасілі ў адну з вялікіх аўдыторый гістарычнага факультэта БДУ каго трэба і сход пачаўся. Аб ім я даведаўся выпадкова, бо ў гэты дзень у мяне былі лекцыі на гістарычным факультэце.