Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 15
Асабліва радавала нашага сябра і тое, што яго навуковыя ідэі, якія могуць прачытаць некалькі соцен самых падрыхтаваных у навуковых адносінах людзей, дзякуючы форме выяўленчага мастацтва могуць ахапіць звыш 20000 уладальнікаў гэтага плаката. Менавіта столькі паасобнікаў было выдрукавана. Гэтыя плакаты-календары з'яўляюцца надзвычай важным крокам у папулярызацыі навуковай канцэпцыі М.І.Ермаловіча, у пашырэнні сапраўдных ведаў пра нашу айчынную гісторыю, у надзвычай лёгкім і надзейным асэнсаванні моладдзю сваёй гісторыі не толькіна разумовым, а больш на эмацыйна-эстэтычным узроўні. Наш сябра шчыра быў удзячны клубу "Спадчына" і радаваўся за яго папулярызатурскую дзейнасць.
1 сакавіка 1997 года клуб "Спадчына" абвясціў аб Камітэце Ушанавання. Быў надрукаваны зварот Камітэту, названы мэты, пастаўлены задачы. У Камітэт увайшлі ўсе ганаровыя сябры клуба, у тым ліку і Мікола Іванавіч Ермаловіч. На сваім пасяджэнні сябры Камітэту склалі спіс тых, хто павінен быць ганараваны ордэнам "Гонар Айчыны", срэбным пярсцёнкам з выявай "Пагоня". Мікола Іванавіч браў самы актыўны ўдзел у гэтай справе, бо лічыў, што ўшанаванне і адзначэнне грамадскасцю тых людзей, хто годна спрычыніўся да грамадскай і навукова-асветніцкай дзейнасці на карысць нашай Бацькаўшчыны, нацыянальнага Адраджэння, захавання і памнажэння нацыянальнай спадчыны, з'яўляецца святым абавязкам клуба "Спадчына" і створанага пры ім Камітэту. Сам, прайшоўшы праз дзікае шальмаванне, ідэалагічны тэрор, замоўчванне яго навуковых дасягненняў з боку дзяржаўных СМІ, уладных структур і ўстаноў, Мікола Іванавіч, як ніхто, ведаў, што патрэбна падтрымка такім людзям з боку грамадскасці, прызнанне іх дзейнасці.
25 сакавіка 1997 года ў Палацы мастацтва ладзілася мастацкая выстаўка суполкі "Пагоня" "Адраджэнне _ 97". Сярод ганараваных ордэнам "Гонар Айчыны" быў і наш ганаровы сябра клуба Мікола Іванавіч Ермаловіч.
18 лістапада 1997 года ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы праходзіла прэзентацыя кнігі "Любіць Радзіму _ шанаваць родную мову". У кнізе быў змешчаны графічны партрэт Міколы Ермаловіча мастака Яўгена Ціхановіча з тым надпісам, які некалі сам напісаў Мікола Іванавіч: "Нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім сваёй роднай мовы, як свайго сцягу, ідучы пад каторым ён знойдзе сваю волю і шчасце".
З прамовай на прэзентацыі кнігі выступіла шмат вядомых дзеячоў беларускага нацыянальнага Адраджэння. Сярод іх быў і Мікола Іванавіч Ермаловіч. Ён даў высокую адзнаку гэтай кнізе і адзначыў, што з'яўленне ў наш час такой кнігі _ гэта вялікая падзея.