Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 14
змясціў яго на развароце. Пасля я перадаў гэты радавод у іншым фармаце, і гэты часопіс змясціў на развароце і новы радавод. Усе ж навукоўцы, акадэміі, інстытуты захоўвалі "гордое молчание". Мікола Іванавіч нават здзівіўся гэтаму і запытаў у мяне: "Чаму ж яны маўчаць? Мяне дык вельмі актыўна білі, а цябе, як быццам бы, шкадуюць, не чапаюць". Я не магу і цяпер даць на гэта нейкае тлумачэнне. Але мне здаецца, што проста змяніўся час і выстаўляць сябе адкрытым ветрагонам ужо нікому з былых далакопаў не хацелася.
У 1995 годзе выходзіць у свет кніга пад рэдакцыяй Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Уладыкі Філарэта "Преподобная Ефросиния Полоцкая". У кнізе змешчаны на поўную паласу выдатна выдрукаваны "Радавод…", а ў тэксце кнігі напісана, што "Гедымінавічы паходзяць з Полацкіх князёў". Уладыка Філарэт мне асабіста прэзентаваў гэтую кнігу. Я адразу паехаў у Нацыянальную бібліятэку ў беларускую залу, дзе заўсёды знаходзіўся Мікола Іванавіч і паказаў яму гэтую кнігу з выявай "Радавода" і словамі аб генеалагічным паходжанні Гедымінавічаў. Мікола Іванавіч не толькі ўсцешыўся, ён схапіў маю руку, пачаў трэсці і ўсхвалявана гаварыць: _ "Анатоль, ты разумееш, што мы перамаглі?" "Чаму? _ пытаюся я. "Ды проста таму, што цяпер ніхто не асмеліцца выступаць супраць Уладыкі Філарэта".
Вось такая нечаканая падтрымка з боку Беларускай Праваслаўнай Царквы і асабіста Уладыкі Філарэта прыйшла да Міколы Іванавіча. Я магу засведчыць, што Уладыка Філарэт заўсёды з павагай ставіўся да Міколы Іванавіча, да яго навуковай дзейнасці і заўсёды запрашаў яго на тыя навуковыя канферэнцыі, якія праводзіла Беларуская Праваслаўная Царква з нагоды многіх гістарычных дат.
11 кастрычніка 1996 года ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы клуб "Спадчына" ладзіў прэзентацыю плакатаў -
календароў "Старажытная Беларусь (Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае часоў Вітаўта Вялікага)". Гэтую карту падрыхтавалі Анатоль Белы і Ігар Курыцын, вымаляваў на палатне 250 х 212 см мастак Алесь Цыркуноў. На другім баку плаката-календара былі змешчаны каляровыя выявы 38 князёў полацкіх і вялікіх князёў ВКЛ, створаных мастаком Анатолем Крывенка.
Мікола Іванавіч быў запрошаны на прэзентацыю гэтых плакатаў-календароў. Ужо з моманту падрыхтоўкі гэтых плакатаў-календароў да друку Мікола Іванавіч быў не проста назіральнікам, а нашым актыўным дарадчыкам. На карце, згодна навуковых распрацовак Яўхіма Фёдаравіча Карскага, была вызначана тэрыторыя этнічнага рассялення беларусаў, а таксама паводле навуковых распрацовак Міколы Іванавіча Ермаловіча, месцазнаходжанне летапіснай Літвы. Міколу Іванавіча радавала многае: што ўпершыню ў картаграфіі Беларусі паказана беларуская дзяржава "ад мора да мора", што ў гэтую дзяржаву ўваходзілі такія гарады як Вялікія Лукі, Таропец, Ржэў, Вязьма, Масальск, Адоеў, Бранск, Курск, Белград і многія іншыя. Раней за такую нацыяналістычную "шалость" дзяржава карала.