Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 13
Знаходзячыся пад моцным уплывам гістарычных поглядаў Міколы Іванавіча, я вырашыў як мага шырэй папулярызаваць яго навуковую канцэпцыю. Выбраў і форму папулярызацыі: стварэнне радавода полацкіх князёў і князёў ВКЛ, дзе імкнуўся паказаць, што род Гедымінавічаў паходзіць ад полацкіх князёў. Гэтай думкай я падзяліўся з Міколам Іванавічам. Ён ухваліў яе, але заўважыў, што за такія навуковыя "смеласці" мяне будуць моцна біць усе тыя, хто біў яго. Я адказаў, што не баюся іх звягання і як-небудзь змагу адбіцца ад іх. Тады Мікола Іванавіч, пераканаўшыся, што я не адступлюся ад сваёй задумы і гатовы яе здзейсніць, паабяцаў мне, што калі на мяне пачнуцца нападкі з боку далакопаў Бацькаўшчыны, то ён таксама не застанецца ўбаку, а ўсімі сіламі пачне абараняць мяне.
Атрымаўшы падтрымку ад такога надзейнага і вельмі адказнага за свае словы чалавека, я прыступіў да гэтай навуковай працы. Працаваў каля паўгода. І вось я, Алесь Цыркуноў і Мікола Іванавіч сабраліся ў маім кабінеце (102-і
пакой філасофска-эканамічнага факультэта БДУ, вул. Кірава, 31). Я паказаў М.І.Ермаловічу сваю навуковую распрацоўку і вычарчаную схему радавода. Мікола Іванавіч уважліва яе праглядзеў і зрабіў толькі адну заўвагу, якую я тут жа паправіў. Ён ухваліў радавод. Я аддаў радавод мастаку Алесю Цыркунову, каб ён намаляваў яго. Алесь Цыркуноў працаваў у суседнім пакоі. Дзякаваць Богу, што ў той час я меў такую магчымасць.
Праз два тыдні карціна-радавод, памерам 250 х 212 см была выканана. 1 лістапада 1994 года ў газеце "Чырвоная змена" паявіўся велізарны здымак гэтага радавода з указаннем прозвішчаў усіх князёў змешчаных на ім. А 30 снежня на Мінскай фабрыцы каляровага друку быў выдрукаваны плакат-каляндар накладам 20000 паасобнікаў і дастаўлены па месцу назначэння.
Можна без перабольшання сказаць, што такога багацця Бацькаўшчына ўжо даўно не атрымлівала. 4 студзеня 1995 года ў тым жа 102-м пакоі філасофска-эканамічнага факультэта БДУ мы сабралі пасяджэнне клуба, запрасілі на яго Міколу Ермаловіча і зрабілі прэзентацыю выхада ў свет плаката-календара. Яго радасць была бязмежная і не толькі таму, што на радаводзе значылася, што ён зроблены па распрацоўках Міколы Ермаловіча, а найбольш таму, што яго навуковыя ідэі становяцца запатрабаванымі, выдаюцца велізарным накладам і могуць вісець на сцяне "У кожнай сялянскай аграбленай хаце…" і стаць падручнікам па роднай гісторыі і забаўкаю для "дзетак патомных".
Па просьбе Міколы Іванавіча я пераслаў гэты каляндар — радавод ва ўсе Акадэміі навук, ва ўсе вядучыя бібліятэкі рэспублікі, Масквы, Санкт-Пецярбурга, шматлікай арміі гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, рэдакцыям беларускіх газет і часопісаў. Толькі газета "Звязда" 26 студзеня 1995 года надрукавала здымак гэтага радавода, і часопіс "Беларусь"