Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 12
Прыкладам для ўсіх нас і асабіста для тых, хто некалі наведваў знакамітых ізгояў можа зноў жа паслужыць Мікола Іванавіч. Агульнавядома, што ён неаднаразова наведваў і пастаянна ліставаўся з Ларысай Геніюш. Менавіта Мікола
Іванавіч прысвяціў ёй свой верш. Усе змогуць пераканацца не толькі ў высокай мастацкай якасці гэтага твора, але і ў той грамадскай пазіцыі, якую праявіў Мікола Іванавіч, у яго велізарнай грамадзянскай адвазе, нежаданні схавацца. У гэтым вершы ён адкрыта выказаў сваё стаўленне да вялікага ізгоя _ Ларысы Геніюш. Гэта можа адзіны прыклад той самаахвярнасці, высокай чалавечай спагадлівасці і вялікага грамадзянскага ўчынку ў дачыненні да гнаных і абражаных, гэта публічны выклік усёй дзяржаўнай сістэме і яе нялюдскай чалавеканенавісніцкай ідэалогіі.
А між тым кожны з тых вялікіх ізгояў, якіх у свой час наведвалі, гэта як сонца, якое прыцягвае іншыя планеты і асвятляе іх. І колькі вы зможаце іх аддзячыць сваімі творчымі ўчынкамі, столькі на вашу долю, галаву, славу пральецца дадаткова святла, якога хопіць і на тое, каб і ад вас выпраменьвалася святло ўжо на вашы спадарожнікі-месяцы. Гэта ёсць нейкі закон чалавечага існавання ў цывілізаваным грамадстве, якое ў нас, у Беларусі, яшчэ зусім не асэнсаваны, бо за 74 гады існавння савецкай улады, калі ён і быў у эмбрыянальным развіцці, то ад яго імкнуліся пазбавіцца, як ад непатрэбнага дзіцяці, бо адзіным свяцілам у гэтыя часы былі Ленін і Сталін. Простых і, нават, таленавітых людзей да іх ззяння не дапускалі.
Вось чаму клуб "Спадчына" сумесна з мастаком Яўгенам Ціхановічам узяў такую смеласць стварыць партрэты тых, хто выпраменьвае святло нашага нацыянальнага Адраджэння. Я не ведаю наконт іншых партрэтаваных, але гэта быў першы партрэт Міколы Ермаловіча, зроблены таленавіта, па-мастацку адным са старэйшых і знакаміцейшых мастакоў Беларусі, які быў у ліку заснавальнікаў сямейнай дынастыі беларускіх мастакоў (5 чалавек). Гэта быў мастак, які на працягу ўсяго жыцця быў таксама гнаны і праследуемы, то за свайго цесця
Уладзіслава Галубка, то за тое, што ў час Вялікай Айчыннай вайны жыў у акупіраваным немцамі Мінску. Вось чаму ён знайшоў у клубе "Спадчына" не толькі паразуменне, але стаў паважаным, запатрабаваным і дзейсным.
Мікола Іванавіч з вялікай павагай і ўдзячнасцю аднёсся да незвычайнага мерапрыемства, да ўшанавання яго як асобы творчай. Ён палічыў, што гэта быў яму зроблены каралеўскі падарунак (не царскі, бо цары толькі адсякалі галовы беларусам ці адпраўлялі іх на шыбеніцы). Да партрэта ён напісаў: "Нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім сваёй роднай мовы як свайго сцягу, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце. Мікола Ермаловіч". Гэтыя словы знакамітага гісторыка мастак Яўген Ціхановіч каліграфічна выпісаў на полі гравюры. Гэты дэвіз гісторыка сведчыць аб усім сэнсе жыцця Міколы Іванавіча.