Зборнік сцэнічных твораў | страница 31



ЗОСЬКА. Ізноў тата пачынаеце? Святы дзень, — усе людзі на вуліцы смяяцца будуць!

ЯУМЕНЬ. Смяюцца! Няхай ведаюць, няхай ведаюць, якую Яўмень жонку мае, той Яўмень, які на ўсёй вёсцы лепшым гаспадаром лічыцца.


З’ЯВА XVIII.

ЯУМЕНЬ — ЗОСЬКА — ГРЫПІНА — ДАР’Я.


ДАР’Я. (ўвайшоўшы). Няўжо-ж аб тым? Суседзе даражэнькі.

ГРЫПІНА. Вось бачыш, мая міленькая, знайшоў на вуліцы лапаць, і хоча каб я згадала, чый ён. Звар'яцеў ці што, чалавек?

ЯУМЕНЬ. Не на вуліцы, а на дварэ, трасца табе ў бок.

ЗОСЬКА. Кіньце вы яго, тата, няхай ён згарыць!

ЯУМЕНЬ. Я не кіну, пакуль не даведаюся, чый ён!...

ДАР’Я. Кажу, што дзеці пясок у ім вазілі, сама бачыла.

ГРЫПІНА. Ну, вось, пясок вазілі... (усхліпваючы).

ЯУМЕНЬ. Каб цябе на могілкі павязлі. Ты яшчэ будзеш зубы загаварываць. Я цябе зараз пытаю, чый гэта лапаць?


З’ЯВА. XIX.

Тыя-ж і МІКІТА.


МІКІТА. (бягучы). А дзядзячка, аддайце лапаць мой, а то тата сварыцца будзе на мяне!

ЯУМЕНЬ. Які лапаць, трасца табе ў бок?

МІКІТА. Ды мой! Я ўцякаў ад вас і ўшчапіў абору ў дзверы, ды лапаць адарваўся.

ЯУМЕНЬ. (Кідае лапаць). Цьфу, трасца табе ў бок! Што-ж ты раней не казаў, як я ў цябе пытаў?

МІКІТА. (падымаючы лапаць). А дзякуй вам, а я думаў, што згінуў.

ГРЫПІНА. Ага! Ці я не казала! Каб табе толькі дзён хварэць, колькі ты мне сінякоў дарэмна пасадзіў на плячох пугаю. Бачылі, якая праўда?

ДАР’Я. Я-ж кажу, суседзе, людзей не слухай.

ГРЫПІНА. Вось як вазьму гэты лапаць, ды-й ўсю морду вытаўку (бярэ лапаць).

МІКІТА. (не дае). Ой, ёй! Я не дам, я не дам, паскудзіць лапаць.

ГРЫПІНА. (да Яўменя). Прасі прабачэння!

ДАР’Я. Але, суседзе, трэба перапрасіць жонку! Мала што прыдзецца. Лепш згодна жыць.

ЯУМЕНЬ. Ну, прабачай, трасца табе ў бок! Я абмыліўся — людзей паслухаў... Болей гэтага не будзе, і вы, суседка, выбачайце: здаецца цябе з гарачкі сёння аблаяў — мне здавалася...

ГРЫПІНА. Здавалася! Няхай табе не здаецца дурной авечцы... здавалася.

ДАР’Я. Ды нічога... я-ж кажу. Я прабачаю.

ЗОСЬКА. Вось, дзякуй табе Мікіта, што ты прызнаўся да лапця, а то невядома што было-б.

МІКІТА. Прызнаўся! Каб да свайго лапця ды не прызнацца. Хто мне спляце, акром бацькі?

ДАР'Я. А лепш за ўсё гэта з суседзямі жыць у згодзе. Яны заўсёды праўду скажуць! Ці-ж не бачаць суседзі, што робіцца на адным дварэ. (Чуваць спеў хлопцаў і дзяўчат).

ЗОСЬКА. Пэўна Саўка вяртаецца. А мо'-б у гэту шчаслівую гадзіну на ўсё мама згадзілася? (ідзе на вуліцу, за ёй Мікіта).

ГРЫПІНА. Ды мы, здаецца, ніколі не сварымся, хіба вось ён...