Зборнік сцэнічных твораў | страница 28



)

ЗОСЬКА. Ай, татачка!

ЯУМЕНЬ. Дык ты вось як, трасца табе ў бок! (сцёгае раз пугай па лаўцы).

МІКІТА. Вой! Вой! Вой! Злавіў па пальцы (ліжа палец).

ГРЫПІНА. Ну, бі болей, бі болей!

ЯУМЕНЬ. Трасца табе ў бок! (Хвошча па лаўцы).

ЗОСЬКА. (Крычыць). Ой, татачка! Не біце!

ГРЫПІНА. Ай, яй, яй!

МІКІТА. (Крычыць пад лаўкай). Вой! Вой! Вой! Ратуйце! (Кідаецца Яўменю пад ногі, збівае з ног і ўцякае).

ЯУМЕНЬ. (Валючыся крычыць). Трасца табе ў бок! (Мікіта паўзе).


ЗАСЛОНА.

АКТ II.


З’ЯВА I.

ГРЫПІНА — ДАР’Я.

(Тая самая дэкарацыя, на лаўцы сядзяць і гутараць Грыпіна і Дар'я).


ГРЫПІНА. Не хачу клясціся святою нядзелькаю! Самі бачыце, што дарэмна на мяне наваліўся... і гэтак (паволі плачуча) збіў, што яшчэ не магу да плячэй дакрануцца... каб я калі, каму што якое, — а то я ніколі, нікому нічога! Ды ці-ж-бы вы, суседачка, не бачылі па суседству жывучы, каб хто да мяне хадзіў. Алё ўсё благія языкі.

ДАР’Я. Я-ж кажу — языкі... але... але... Сёння спаткалася з Яўменям, і ўчора нават, казала яму, што не слухай людзей, бо людзі-чэрці, так і мяркуюць, каб звясці каго небудзь.

ГРЫПІНА. Дзякую, дзякую табе... я бачу, што ён памякчэў крыху, мусіць ад таго, што вы яму гаварылі аба мне.

ДАР’Я. Я-ж кажу... гаварыла, не верыць усякай брыдзе.

ГРЫПІНА. Ён увесь час цяпер зходзіць з дому, а потым раптам з’яўляецца, каб каго застаць... Бачыце вы самі, ці-ж я даслужыла гэтага каб мяне пільнаваці і цяпер кудысь выйшаў з дому. Ох, доля мая доля.

ДАР’Я. Я-ж кажу, што зрабіць. Папільнуе, папільнуе, нікога не ўбачыць, дасць веры, што мана ўсё, яшчэ перапросіць. Я яму ўжо казала, каб хутчэй перапрасіў Вас, бо ўсё, што ён чуў — выдзірка людская.

ГРЫПІНА. Ён то перапросіць, але сінякі, што парабіў пугаю, ад гэтага не згояцца.

ДАР’Я. Я-ж кажу, трэба цярпець.

ГРЫПІНА. Ды ўжо-ж буду цярпець... Няхай таго трасца, трасе, праз каго ён біў мяне.

ДАР’Я. Я-ж кажу, і клясці не трэба... пагояцца...

ГРЫПІНА. (устае). Эх, эх! А дзе-ж ваш Саўка?

ДАР’Я. У хаце сядзіць.

ГРЫПІНА. I Зоська адна ў хаце. Чаму-ж ён не прыдзе да яе пабавіцца. Які-ж з яго хлапец? Ідзіце, кажэце, няхай ідзе да яе. А вам дзякуй, што хоць вы майго дурня ўгаварваеце... Ён вам дае веры... Ды пайду і я ў хату (пайшла).


З’ЯВА II.

ДАР’Я (адна)


ДАР’Я. (ідучы ў хату). Ну вось і ўдалося! Бач, якая мягкая стала, хоць к хвораму месцу кладзі. А то нос вышэй коміна насіла! Ага! Як у бяду ўпадзеш, Кузьму бацькам назавеш. Толькі хутчэй іх зусім пагадзіць, мо'-б тагды і Зоська з Саўкам пабраліся. А то ўсё хванабэрыю нейкую строіла, але вось за гэту хванабэрыю, чухай цяпер плечы (