Зборнік сцэнічных твораў | страница 24




З’ЯВА II.

ДАР’Я — ГРЫПІНА.


ГРЫПІНА. (Праз акно). Каб ты не ведала ні святых каляд, ні асенніх дзядоў, калі ў мяне чужыя куры нясуцца. Вось ты так праўда, то кожную раніну аўсом, ды ячменём прынаджваеш да сябе чужых курэй! Выдра ты. Пляткарка! Шкада святой серады, а то аблаяла-б як суку.

ДАР’Я. Суседачка! Я-ж на вас нічога дрэннага не кажу. Што ў вашай крапіве мае куры нясліся — гэта праўда, твой мужык Яўмень не дасць маніць... Але-ж я не кажу, што вы іх бралі!... Няхай мяне пярун заб’е, калі я дарэмна каго выдзіраю. А калі яйцы мае прападалі, мо' іх ела ваша сучка.

ГРЫПІНА. Сама ты сучка! Гадаўка! Цьфу! Гаварыць з табой не хачу! (Зачыняе акно).


З’ЯВА III.

ДАР’Я. (адна)


ДАР’Я. Не разумею чаго яна да мяне чэпіцца кожны дзень.


З’ЯВА IV.

ДАР’Я — САУКА.


САУКА. (Выходзіць з хаты). Мама! Навошта вам сварыцца з суседзямі?

ДАР’Я. Мой сынок! Ці-ж гэта я? Гэта-ж яна першая пачала.

САУКА. Яна пачынае, а вы ўзялі ды пайшлі-бы ў хату: што людзі скажуць, чуюць што-дзень сварку на нашым двары.

ДАР’Я. Гэтак, то гэтак... Але чаго-ж яна да мяне лезе заўсёды?

САУКА. Няўжо-ж не разумееце за што, ўсё за тое.

ДАР’Я. Што дачкі не хоча за цябе аддаць? Мы-ж сілком не бярэм... Чаго сварыцца... Захочаш жаніцца, дык такое дабро знойдзеш.

САУКА. Не кажыце гэтак, бо Зоська мяне ўсёй душою любіць і бацька згаджаецца; вось толькі маці ніяк...

ДАР'Я. I ліханька яе бяры... Але не дажджэ яна! Я ёй такую штуку падстрою, іакога вараб'я падпушчу, што яна сама прыдзе маёй ласкі прасіць. Вось пабачыш. Здохну я, калі ёй не аддзякую за яе сварку!... Лахта гэта! Як пачнецца раніца — і пачынае лахтаць языком, як траплом! Сутрымаеш язык, пачакай толькі! (Ідзе ў хату).


З’ЯВА V.

САУКА (адзін)


САУКА. (Знімаючы касу са сцяны). Эх, бяда з гэтымі старымі... Не тое, дык тое. Не за курыцу, дык за яйцы, а ўсё сварацца. Ніяк іх пагадзіць не можна. Не ведаю, што даў-бы, каб толькі яны жылі ў згодзе... Мо’ хутчэй Зоська была-б маёю. Гэтак я яе страшэнна кахаю... Дзе не йду, а усё аб ёй думаю. (Уздыхае).


З’ЯВА VI.

САУКА — ГРЫПІНА.


ГРЫПІНА. (Уваходзіць). Аб кім гэта, пане дабрадзею, думаеш?

САУКА. Ды вось думаю, як-бы сенажаці хутчэй касіць скончыць. А цяпер пайду ў садок цялятам травы выкашу.

ГРЫПІНА. Аб сенажаці думай сколькі сабе хочаш, а вось аб Зосьцы кінь думаць. Не раз казала і цяпер кажу, што яна табе не пара... За такога, як ты, я, яе не выдам; няхай лепш у дзеўках сядзіць... Што ў цябе ёсць? Зямлі кавалак, ды хата небам крытая!...

САУКА. Мне здаецца, цётачка, што лепш выйсці за беднага, калі яго кахаеш, чым за багатага, ды не любага...