Зборнік сцэнічных твораў | страница 23



). Ну і пазнаўся. (У голас). Так, па ночку, гэта зграбная, шпаркая, чыстая канінка, добрая вам будзе пара.

ЯЗЭП. (глядзіць у вакно). Вось і вядуць тваю кабылку.

МІХАЛКА (да сябе). Ужо буду хваліць яе так, як ты сваю дачку.

ЯЗЭП. Упадабаў! і рысь добрая.

МІХАЛКА. А прыгожая, як абразочак?

ЯЗЭП. Но, ўжо як абразочак, ці не залішне, Міхалка. А колькі ёй гадоў?

МІХАЛКА. Чатыры гады мінула. (Да сябе). Старая падла.

ЯЗЭП. Чатыры гады мінула гм... А колькі хочаш за яе?

МІХАЛКА. Дайце мне 200 злотых і пару да мае шпачкі. (Да сябе). Падкаваў ужо я яго.

ЯЗЭП. Зяцю дам ужо 150 злотых і добрага коніка да тваёй шпачкі, добра? З палы на палу!?

МІХАЛКА. З палы на палу. (Да сябе). Сам ашукаўся.

ЯЗЭП. На грошы, каб зразу скончыць.


З’ЯВА 16-ая.

ТЫЯ САМЫЯ. Уваходзіць ЗМІТРУК.


ЗМІТРУК. Паночку!

ЯЗЭП. А што?

ЗМІТРУК. Кабыла гэтага пана разбіла сабе галаву.

ЯЗЭП. Калі-ж гэта?

ЗМІТРУК- А вось цяпер. Мы яе пусцілі, а яна, йдучы да стайні, выцелася галавою аб слуп і скалечылася.

ЯЗЭП. Якім парадкам?

ЗМІТРУК. Ды такім парадкам, што гэта кабыла сляпая.

ЯЗЭП. Як гэта, чатыры гады ды сляпая.

МІХАЛКА (да сябе). Вось уцешыцца тата, як скажу яму ўсё гэта.

ЗМІТРУК. Ды ёй ужо з 20 гадоў; ні воднага зуба.

ЯЗЭП (Да Міхалка) 20 гадоў, а што ты казаў, мінула чатыры.

МІХАЛКА. Мінула чатыры гады, як вашай дачцэ 23.

ЯЗЭП. Ты з кім маю дачку раўнуеш?!

МІХАЛКА. Я так таргую коньмі, як вы дачкою.


З’ЯВА 17-ая.

ТЫЯ-Ж САМЫЯ. Уваходзіць АДЭЛЯ і стаіць пры дзверах.


АДЭЛЯ. Што тут за крыкі?

ЯЗЭП. Я-ж вам не сватаю сляпой дачкі.

МІХАЛКА. Хоць яшчэ не сляпую, але старую.

ЯЗЭП. Што? як вы смеяце?

МІХАЛКА. Але! смею, бо маю мэтрыку панны Адэлі ў руках.

АДЭЛЯ. (йдзе уперад).Татачка, грубіян!

ЯЗЭП. Цяпер хоць на каленах прасі, дачкі не дам!

АДЭЛЯ. I я не пайду за такога.

ЯЗЭП. Падам цябе ў газеты. Усё жыццё будзеш старым мальцам!

МІХАЛКА (у дзверах). Вось напалохаў, што-ж вы мне зробіце, калі я газэт у рукі не бяру. Юлька! едзем!


ЗАСЛОНА.


МІКІТАЎ ЛАПАЦЬ

М. КУДЗЕЛЬКА

Камедыя ў ІІ-х актах

Асобы:

ЯУМЕНЬ — селянін

ГРЫПІНА — яго жонка.

ЗОСЬКА — іх дачка 19 год.

ДАР’Я — іх суседка.

САУКА — яе сын, 22 г.

МІКІТА.


АКТ I.


(Двор — абапал хаты. За вуліцай садок).


З’ява I.

ДАР’Я (адна).


ДАР’Я. (З аўсом у прыполе кліча курэй). Ціп! ціп! ціп! Ціп! Дзе-ж яны падзеліся? Каб часам зноў не пайшлі нясціся ў суседаву крапіву. Вось бяда з курамі! Бадай іх каршун! Ціп! ціп! ціп! ціп! Кур! кур! кур! Не дарма, мусіць, людзі кажуць, што суседзі нешта ведаюць, што ў іх не свае куры нясуцца ў хаце, але чужыя прыходзяць нясціся.