Зборнік сцэнічных твораў | страница 21
МІХАЛКА. Дальбог не!
АДЭЛЯ. Што вы, тата, робіце?!
ЯЗЭП. Ужо не сцярплю чакаць. (Міхалка і Адэля цалуюцца).
МІХАЛКА. (Убок). Цьфу! (Адэля ўцякае ў дзверы).
ЯЗЭП. Гэтак то люблю. Цяпер можаце усё роўна, як пазапоінах сабе казаць: «ты», проста. (Убачыўшы, што няма Адэлі). Ага! уцякла, засаромілася зязюлька.
МІХАЛКА. Няхай яе немач, такую зязюльку!
ЯЗЭП. А што, Міхалка, салодка было цалаваць?
МІХАЛКА. Здаецца, крышку трухою пахне.
ЯЗЭП. Што? Мая дачка трухою пахне?!
МІХАЛКА. Да не дачка, пячэнне.
ЯЗЭП. Так ты і зразу гавары, а то я хацеў ужо злаваць.
МІХАЛКА. (да сябе!). Паспытаем яшчэ апошнюю раду. (У голас). Які пан пасаг дасі за дачкою?
ЯЗЭП. Ага! хоча канчаць, упадабаў маю Адэльку.
МІХАЛКА. I гэта праўда. Ды й бацька наказваў мне, каб не жаніўся без пасагу пяць тысячаў.
ЯЗЭП. Не бойся, Адэльцы дам пад падушку дзесяць тысячаў.
МІХАЛКА. (да сябе). Няма ўжо ратунку!
ЯЗЭП. Уцешыўся, а я табе яшчэ скажу: з унукамі гультаваць не будзеце, то яшчэ накіну.
МІХАЛКА (з апошніх сіл). Што воліце: дачку, ці дзесяць тысячаў?
ЯЗЭП. Не згадаю, нашто табе гэта патрэбна ведаць, але калі прыдзецца выбіраць, то-ж ляпей дачка, чым дзесяць тысячаў.
МІХАЛКА. А маркотна вам будзе без дачкі?
ЯЗЭП. Што-ж рабіць, прывык я да гэтай шчэбятухі, але ўжо нічога не зробіш.
МІХАЛКА. Чаму нічога! Дайце мне дзесяць тысячаў, а я вам пакіну дачку!
ЯЗЭП. Ха! ха! ха! Табе ўсё жарты ў галаве, а каб я цяпер прыстаў да цябе... аддай Адэльцю, то ты бы яе і за мільён не аддаў. Раскажу я ёй усё, вось будзе смеху, ха, ха, ха!! (выходзіць).
МІХАЛКА. (адзін). Якія-ж тут смешкі, якія-ж тут жарты? Я ўсё гэта зрабіў-бы за дарма, каб не баяўся бацькі; няхай тата даведаецца, што вырабілася ад мяне паненка на дзесяць тысячаў пасагу, то жыцця мне ў хаце не будзе... А гэта Юлька дурыла галаву, што паможа мне не яе гэта сіла, смачны жабе арэх, ды зубоў Бог не даў. Ось Юльцю ўзяў-бы за жонку, каб не баяўся бацькі... Чаму-ж гэта не яна дачка пана Язэпа...
МІХАЛКА I ЮЛЬКА
ЮЛЬКА (уваходзіць; ціханька да сябе). Сташь зязюлёк маркотны і не ведае, што я для яго раду маю.
МІХАЛКА (ўбачыўшы Юльку). Прышла-ж такі? Ты-ж гаварыла, што мне паможаш, ажно я блізка, што пасля запоін.
ЮЛЬКА. Ужо? якім парадкам?
МІХАЛКА. Прыпёр мяне пацалаваць яе, цьфу!
ЮЛЬКА. Ну і што?
МІХАЛКА. Ну й пацалаваў.
ЮЛЬКА. Смачна было?
МІХАЛКА. Ей то смачна было, аж аблізалася.
ЮЛЬКА. Куды-ж вы яе пацалавалі?