Зборнік сцэнічных твораў | страница 20
АДЭЛЯ (зазлаваўшы). Ну, гэта ўжо лішнія жарты!
ЮЛЬКА (да сябе). Ён не ведае, што гэта пана Язэпава дачка.
МІХАЛКА. Выбачайце, пані дабрадзейка, але я не ведаю, чаго вы сварыцеся?
АДЭЛЯ. Не ведаеце?
МІХАЛКА. Ваш бацька мусіць дужа стары чалавек?
ЮЛЬКА (ціха да Міхалка). Перастанце, гэта-ж дачка пана Язэпа.
МІХАЛКА. Ці-ж праўда?
АДЭЛЯ (са злосцю). Дось ужо гэтых жартаў, што вы строілі снедаючы, але гэтыя ўжо цераз меру кепскія! (Выходзіць).
МІХАЛКА і ЮЛЬКА.
МІХАЛКА. Так гэта дачка пана Язэпа?! А я думаў, штэ гэта ваша цётка.
ЮЛЬКА. У самую пару перасцярагла я вас.
МІХАЛКА. Дзякую вам сардэчна! Толькі цяпер сцяміў я: то-ж пан Язэп гвалтам сватаў мне яе за снеданнем.
ЮЛЬКА. То-ж вы й дзеля гэтага прыехалі сюды.
МІХАЛКА. Ведама, але-ж не дзеля старой дачкі, калі ёсць меншая і харашэйшая. (Кланяецца Юльцы).
ЮЛЬКА. А то-ж у пана Язэпа адна дачка.
МІХАЛКА (задзівіўся). Адна. А хто-ж вы будзеце?
ЮЛЬКА. Я Юлька, тутэйшая пакаёўка.
МІХАЛКА. Па-ка-ёў-ка?...
ЮЛЬКА. Але, пакаёўка.
МІХАЛКА. Чаму-ж вы мне гэтага раней не сказалі?
ЮЛЬКА. Я не думала, што вы палічыце мяне за панскую дачку.
МІХАЛКА (ў перапузе). Ой-ой! то-ж цяпер мне трэба жаніцца з гэтаю старою кабылаю.
ЮЛЬКА. А ўжо так выходзіць.
МІХАЛКА. А колькі-ж ёй гадоў?
ЮЛЬКА. Не ведаю.
МІХАЛКА. От так жонку прывязу да-хаты!
ЮЛЬКА. Чаго-ж зажурыўся? То-ж вам няма ніякай прынукі з ею жаніцца.
МІХАЛКА. Як не? То-ж калі бацька не дасць веры, што яна была старшая за мяне, то мне будзе так... (Паказвае ў паветры, як сцёбаюць).
ЮЛЬКА. Не выдайце мяне, то я вам дам раду.
МІХАЛКА. Праўда?! За гэта я завязу цябе ў Беласток, што ты так упадабала.
ЮЛЬКА. Добра! Будзце так добрай мыслі, а тымчасам бывайце здароў, нехта йдзе. (Бяжыць).
МІХАЛКА, ЯЗЭП і АДЭЛЯ.
ЯЗЭП (пачынае за сцэнаю). Супакойся, Адэлічка, гэта былі толькі жарты!...
МІХАЛКА. Ой, аж з душы прэць (Стаіць збоку).
ЯЗЭП. Хто любіцца, той чубіцца, — гэта ўжо старая прыказка. (Цягне яе гвалтам).
АДЭЛЯ. Я гэтага ніколі не забудуся!
ЯЗЭП. От, знайшла аб чым думаць. (Угледзіўшы Міхася). Глянь, стаіць як авечка, чуе, што лішне сабе пазволіў, але як ажэніцца з табою, паправіцца. Ці-ж не так, Міхалка.
МІХАЛКА. Праўда, пане! (Да сябе). А Юльці няма!
ЯЗЭП. Не гневайцеся-ж ужо, загаварыце адзін да аднаго.
АДЭЛЯ (апусціўшы вочы). Я ўжо выбачаю.
ЯЗЭП. А ты, Міхась, прасі выбачыць, скажы-ж, што нічога дрэннага не зрабіў, от жарты як у маладых, прасі-ж выбачыць.
МІХАЛКА. Прашу выбачыць, панна Адэля!
ЯЗЭП. Цяпер ладна! Пацалуйцеся добра. (