Зборнік сцэнічных твораў | страница 19



АДЭЛЯ (да сябе). Штукар малец. (Да Міхася). Ешце-ж больш на здароўе!

МІХАЛКА. Дзякую вам! (Да сябе). Што яны лапочуць?

ЯЗЭП. Еш, Міхаська! Што гэта? няўжо-ж з кахання і есці не хочаш?

АДЭЛЯ (скромна). То пан Міхал закахаўшыся.

ЯЗЭП. Што?! Увяз у каханні па самыя вушы?

МІХАЛКА (засароміўшыся). Што вы?!.. Што вы?!..

ЯЗЭП. Ага!.. пачырванеў! Не вырабішся цяпер! Ну й штукар ты!

АДЭЛЯ. Яшчэ, будзце ласкавы, для мяне зрабеце гэта.

МІХАЛКА. Дзякую! не здолею больш.

ЯЗЭП. Ці бачыш? глядзіць у тваю талерку. Знаю я гэтыя жарты ды гулі - кахання. Ведаеш што, Адэлічка? падсунь яму кусок з свае талеркі.

АДЭЛЯ. Калі не важуся, татанька!

ЯЗЭП. Калі любіш мяне, зрабі гэтак. Глянь у яго вочы, аж гараць.

АДЭЛЯ (засароміўшыся, падае сваю талерку). Вазьміце!

МІХАЛКА. Дальбог, не магу!

ЯЗЭП. Ага, ён хоча, каб ты сваею рукою дала яму кавалак проста ў зубы. Зрабі гэтак, зязюлька!

АДЭЛЯ. Калі ўстыдаюся!

ЯЗЭП. Не ўстыдайся! Вось гэтак! (Адэля бярэ на вілцы кавалак мяса: Міхась нічога не разумеючы, лупіць вочы на яе).

АДЭЛЯ. Вазьміце!

МІХАЛКА. Дзякую!

ЯЗЭП. Раззяўляйся барджэй. (Міхась раззявіўся). Зацьмякай-жа цяпер! Так, мае галубочкі, кахайцеся! Я стары пайду адсюль, бо дзе двое — там рада, дзе трое — там здрада. Вы маладыя, лепш уладзіцеся самі. Зух малец, няхай яго маланка! (Выходзіць са смехам).


З’ЯВА 10-ая.

АДЭЛЯ (ўстае ад стала). МІХАЛКА (сядзіць стале як калода).


МІХАЛКА (да сябе). Што гэтаму старому сталася? Чаго гэта ён так выляцеў. Чаго нас адных пакінуў? Няўжо-ж нам удваіх скончыць гэту пячонку?

АДЭЛЯ (да сябе). Сядзіць пры стале, то дурны. (Кашляе).

МІХАЛКА (да сябе). Сухоты яе душаць, ці што.

АДЭЛЯ (да сябе). Трэба пачаць гутарку. (У голас). Вось і асталіся адны...

МІХАЛКА (ўстае). Пані дабрадзейка, я пайду адсюль, калі вам патрэба.

АДЭЛЯ. Чаго-ж вы? — заставайцеся. Адно толькі паненцы няпрыгожа заставацца адной самой з кавалерам...

МІХАЛКА. А якая-ж тут паненка ў пакоі?

АДЭЛЯ (да сябе). Што ён гаворыць? (Да Міхалка). Што вы гэта мяне не бачыце?

МІХАЛКА. Бачу, бачу вас, пані дабрадзейка, я-ж, дзякуй Богу, не сляпы.

АДЭЛЯ. Чаму гэта вы да мяне гаворыце: «пані дабрадзейка».

МІХАЛКА. Як-то?!.. Як-то чаму? З пашаны.


З’ЯВА 11-ая.

ЮЛЬКА (уваходзіць, стаіць здалёк).


АДЭЛЯ. Няўжо-ж вы не маеце для мяне больш нічога, апроч пашаны?!

МІХАЛКА (да сябе). Гасцінца хоча. (У голас). Я-ж не з кірмашу еду.

АДЭЛЯ. Ой, гэта кепскія жарты!

МІХАЛКА. Кепскія жарты?

АДЭЛЯ. Каб мой тата быў тут, даў-бы вам за гэта.

МІХАЛКА. Ваш тата? То ваш тата яшчэ жыў?