Зборнік сцэнічных твораў | страница 18



МІХАЛКА. Дам веры!

ЯЗЭП (ідзе да дзвярэй Адэльчынай станцыі). Адэлька, хадзі жыва! Пан Міхал чакае цябе, не дажджэцца. (Да Міхалка). Яна зараз прыдзе. А ты мусіць і не снедаўшы... а?... кажы праўду?

МІХАЛКА. Праўда, не снедаўшы.

ЯЗЭП. I чалавек з цябе, Міхась, сядзіш і нічога не кажаш, што галодны. Зараз дамо паснедаць (Ідзе у правыя дзверы).

МІХАЛКА (адзін). Аж у вушах бурчыць, столькі нагаварыў. Ага, нехта йдзе... Нейкая старая кабета, не йначай цётка пана Язэпавай дачкі.


З’ЯВА 8-ая.

Уваходзіць АДЭЛЯ. МІХАЛКА прэцца да яе, цалуе у руку.


АДЭЛЯ (да сябе). Які шпаркі! (У голас). Вы мусіць прысталі з дарогі?

МІХАЛКА. Не, дзякую вам, спаў усю дарогу.

АДЭЛЯ. Як-жаж вы ўпадабалі нашу старонку?

МІХАЛКА. Дужа ўпадабаў. Асабліва бульба важная.

АДЭЛЯ. А то-ж вы тутака казалі, што спалі ўсю дарогу?

МІХАЛКА (засароміўшыся). Гэта бачыце, праўда, але хвурман разбудзіў мяне бульбу паглядзець.

АДЭЛЯ. То з вас, мусіць, заядлы гаспадар! Сядайце, будзце ласкавы!

МІХАЛКА. Дзякую вам, пані дабрадзейка. (Сеў здалёк)

АДЭЛЯ (Строючы міну). Сядайце бліжэй!

МІХАЛКА. Дзякую, мне і тут добра!

АДЭЛЯ. Я-ж вас прашу!

МІХАЛКА. Дзякую! (Сядае пры ёй на лаве).

АДЭЛЯ. Ці добра здароў ваш бацька?

МІХАЛКА. Дзякую, пані дабрадзейка. (Цмок у руку). Добра, толькі дужа многа есць.

АДЭЛЯ. (да сябе). Маладзенькі! Нічога не разумее. (У голас). Але-ж гэта не шкодзіць!

МІХАЛКА. Не, не шкодзіць, бо-ж і мае за што добра есці.


З’ЯВА 9-ая.

ТЫЯ САМЫЯ, ЯЗЭП (Хлапец нясе снеданне).


ЯЗЭП. Ага! папаліся! Варкуеце, сеўшы адзін пры адным на лаве. (Да Міхася). Ах ты баламут!

АДЭЛЯ. Да душы, брыдка!

ЯЗЭП. Міхалка!.. адразу на лаву і рамансуе!.. ці не так?

МІХАЛКА (задзівіўся). Што вы, паночку, я ж нічога...

ЯЗЗП. Сядзі ціха! Я-ж гэта люблю, я-ж люблю, калі кавалер умее дурыць галаву дзяўчатам.

МІХАЛКА. Што вы, паночку! я-ж, дальбог, нічога!..

ЯЗЭП. Не вырабішся!.. Сядай снедаць. У нас гавораць: Выспіся, наясіся, а тады гавары.

АДЭЛЯ. Просім сядаць. (Міхалка хоча сесці з канца. Язэп садзіць яго пры Адэлі).

ЯЗЭП. Сядайце разам, адзін пры адным!

МІХАЛКА. Калі тутка скразнік, я сяду гэтак, напроціў. (Сядае проціў Адэлі).

ЯЗЭП (паціху). Ага!.. жэўжык, хочаш сядзець напроціў, каб ляпей было тэлеграмы пасылаць.

МІХАЛКА. Я ніколі тэлеграмы не пасылаю снедаючы.

ЯЗЭП. А калі-ж?

МІХАЛКА. Найчасцей увечар, дабрадзею!

ЯЗЭП. Ну й жэўжык ты, скажу яшчэ раз, Міхалка! Увечары, кажаш, змеркам?

МІХАЛКА. Не, паночку, не папоцемку, пры агні.

ЯЗЭП. Пры агні, пры агні! Хай цябе качалка, а то-ж зух малец, што скажа, то смех — чысты бацька!