Зборнік сцэнічных твораў | страница 17



): «Помні, барання галава, каб бяз жонкі не варочаўся, бо калі шосты гарбуз да хаты прывязеш (пяць ужо прывёз), то ўсыплю табе (азіраецца) пяцьдзесят бізуноў, ды памрэш старым мальцам»; і яшчэ гаварыў: «Глядзі, каб не была лішне маладая і старой пе бяры, бо захоча нас вадзіць за нос». Ажно тут папалася паненка ў самую меру, толькі суседзі будуць глядзець і аблізвацца гледзячы!


З’ЯВА 7-ая.

МІХАСЬ і ЯЗЭП.


ЯЗЭП. Ха! Ха! адразу згадаў, хто ты: такі твар, такі нос — чысты бацькаўскі нос.

МІХАЛКА. Не йначай Язэп Карыта!

ЯЗЭП. Так, дзетачка, так! Але як-жа-ж ты сюды прыехаў, Міхаська?

МІХАЛКА. Дык як? на каламашцы, паночку!

ЯЗЭП. Ды я не аб тое кажу. Ты з’явіўся да нас ўсёроўна як з дажджом, і ніхто цябе не бачыў уваходзячы.

МІХАЛКА. Чаму ніхто? То-ж я й гаварыў з васпанавай дачкою.

ЯЗЭП. Гаварыў ужо? Зух, удалы малец! Толькі парог пераступіў, ужо дзяўчатам галаву дурыць.

МІХАЛКА (зухуючысь). Го, паночку! да мяне бабы, як мухі да мёду... Я, паночку, раз у Бельску...

ЯЗЭП. Э, што было ў Бельску, то было. Ты кажы, як упадабаў Адэльку.

МІХАЛКА. Дужа ўпадабаў!

ЯЗЭП. Пацешыў мяне! Удалая дзяўчына, даліпан?

МІХАЛКА. Удалая! Даліпан! Упадабаў яе за тое, што не такая язычлівая, як другія дзяўчаты, што зараз з чалавека кпіны строяць.

ЯЗЭП. А ты-ж не ўмееш сам каля дзяўчат хадзіць?

МІХАЛКА. Не дужа добра, бо дасюль найбольш каля быдла хадзіў.

ЯЗЭП. Вось і ўспомніў, як твой бацька дваццаць гадоў таму прыслужыўся мне...

МІХАЛКА. А ведаю, ведаю; бацька аб гэтым расказвае, калі толькі пару знайдзе.

ЯЗЭП. Падумай сябе — гнаў я валы на кірмаш у Гайнаўку, аж тут як ухопіць мяне хвароба ў Леўкове — ні рукою ні нагою! З валамі некуды дзецца, не стаяць-жа з імі у Леўкове, а паслаць з імі няма чалавека. Аж но, скуль ні вазміся — твой бацька. Я яго яшчэ і не знаў. Ён пагнаў валы ў Гайнаўку. Як пагляджу я на цябе, то ўсё гэтыя валы прыпамінаю. (Абнімаюцца). Рад я дужа, што табе сталыя жанчыны да ўпадобы.

МІХАЛКА. Отож-то, не люблю я такіх паненак, што вечна рагочуць, зубы выскальваюць.

ЯЗЭП. I я таксама. Я люблю бабу, калі ёй паўкапы стукне. Тады яна не блазніца, розум мае!...

МІХАЛКА. А колькі-ж панавай дачцэ гадоў?

ЯЗЭП. (папярхнуўшыся). Ей гадоў... мінула 23...

МІХАЛКА. Вось так штука!... Ніколі не падумаў-бы!

ЯЗЭП. А мінула, мінула ўжо!

МІХАЛКА. А я думаў, што ёй не больш як 18 гадоў.

ЯЗЭП. Отож-то. З вока не дасі ёй больш. Што-ж дзівіцца — маладая, рухавая. О, будзе твая жонка як гарэх! А што пачцівая, за гэта я галаву аддам.