Зборнік сцэнічных твораў | страница 16
ЮЛЬКА. Ах, Божанька!
МІХАЛКА. Ой, што гэта? (Зачапіў зэдлік і перавярнуўся).
ЮЛЬКА (засароміўшыся). Ой, спалохалася!
МІХАЛКА. I я сам спудзіўся.
ЮЛЬКА. Вы мусіць да пана Карыты?
МІХАЛКА (да сябе). Не йначай — дачка. (Смяецца). Не гэтулькі да пана Карыты, колькі да яго дачкі. (Да сябе). Удалося мне. Мусіць спадабала мяне, бо нічога не гаворыць.
ЮЛЬКА. Зараз і яны прыдуць!
МІХАЛКА (да сябе) Неяк і язык не варушыцца.
ЮЛЬКА. Зрабеце ласку, сядайце!
МІХАЛКА. Дзякую! Насядзеўся я на каламашцы. (Да сябе). Гарная дзяўчына! (У голас). Вы, паненка, мусіць не ведаеце, хто я такі?
ЮЛЬКА. А праўда не ведаю. (Да сябе). Далікатны чалавек і кажа да мяне «паненка».
МІХАЛКА. То-ж я Міхась Багдалеўчык.
ЮЛЬКА (скланіўшыся). Дужа рада пазнаць вас.
МІХАЛКА. А ведаеце, чаго я сюды прыехаў?
ЮЛЬКА. Не, не ведаю. (Да сябе). Чаго ён хоча?
МІХАЛКА. То вы не чыталі пісьма майго бацькі?
ЮЛЬКА (вырабляючыся). Не, тутака на вёсцы няма чаго чытаць...
МІХАЛКА. Але-ж вы можаце чытаць?
ЮЛЬКА. Ведама! — толькі тут на вёсцы...
МІХАЛКА. То мусіць паненка і не ведае, што я прыехаў сюды ў сваты?
ЮЛЬКА. I не чула аб тым.
МІХАЛКА. (да сябе). Я думаў прыехаць сюды на гатовае, аж туг яшчэ трэба круціцца каля яе. (Памаўчаўшы). Паненцы даводзілася бываць у горадзе?
ЮЛЬКА. Я жыла цэлы год у Беластоку.
МІХАЛКА. А гэта вялікі горад? Большы за наш Бельск?
ЮЛЬКА. А вы ніколі не былі ў Беластоку?
МІХАЛКА. Ехаў раз у Беласток з коньмі на кірмаш. Коні ў мяне на дарозе ўкралі ды вярнуўся дамоў, не пабачыўшы Веластока.
ЮЛЬКА. Шкада!
МІХАЛКА. I ўсё мне хочацца паехаць у Беласток.
ЮЛЬКА. І мне хочацца туды! (Уздыхаючы).
МІХАЛКА. (да сябе). Уздыхнула! Упадабала мяне (У голас). Як ажанюся, паедзем у Беласток.
ЮЛЬКА. Што! Возмеце і мяне з сабою?!
МІХАЛКА. Ведама!... як мне там жыць без вас? То-ж я не ведаў-бы, куды павярнуцца.
ЮЛЬКА. Э!... маніцё!...
МІХАЛКА. Дальбог, праўда! Не маню!
ЮЛЬКА. А што панскі бацька скажа на гэта?
МІХАЛКА. Цяпер тата не пускае мяне ў Беласток, але як ажанюся, буду жыць па-свойму.
ЮЛЬКА. Я вам шчыра падзякую!
МІХАЛКА. Пабачыце, паненка... там будзе ў нас жыццё...
ЮЛЬКА (засароміўшыся). Што вы кажаце?
МІХАЛКА. Я не смяюся! Тата сыпне нам грошы. (Цмок яе ў руку).
ЮЛЬКА. Што вы робіце?
МІХАЛКА (да сябе). Агонь, не дзяўчына! Дальбог!
ЮЛЬКА. Пусцеце мяне, мне трэба ісці!
МІХАЛКА. Дайце яшчэ ручку!
ЮЛЬКА. Бывайце здаровы! (Бяжыць).
МІХАЛКА (адзін).
МІХАЛКА. Вось так дзяўчына!... з ёю пагаварыць можна. Дасюль, бывала, кожная паненка так саб’е мяне з панталыку, што й раззяўлюся, і слова не вымаўлю. Мусіць толькі добра яна мяне ўпадабала, калі мы так з ёю спазналіся. Эх, тут скоранька спраўлюся, аж тата задзівіцца! А гаварыў ён мне, калі я ехаў (