Зборнік сцэнічных твораў | страница 15



ЯЗЭП. Ну, дык чаго-ж вочы лупіш? Чытай далей!

АДЭЛЯ (чытае). «Спадзяюся, што твая дачка ўпадабае яго, бо малец, як шкло, як ядроная рэпа. А цяпер цалую з усяго сэрца й цябе, й маю спадзяваную нявестку». Як шкло! Чамуж, татанька, раней не паказаў мне гэнага ліста?

ЯЗЭП. Бо хацеў уцешыць цябе неспадзеўкі, а даўжэй хаваць сакрэту не мог. Восека — прышла тэлеграма, што сягоння прыедзе той Міхалка.

АДЭЛЯ. Зараз прыедзе?! Трэба-ж прыбрацца! Юлька! Юлька!

ЯЗЭП. Во гарачая. Адэлічка, пачакай, паспееш!

АДЭЛЯ. Але, татулька, зрабіце мне адну ласку!

ЯЗЭП. Якую, мая зязюлька?

АДЭЛЯ (круціць фартух). Не кажэце, татачка, колькі мне гадоў.

ЯЗЭП. Чаму-ж гэта?

АДЭЛЯ. Бо паненкі ніколі не кажуць, колькі ім гадоў.

ЯЗЭП. Ужо гэтага не зраблю. Каб ты была старая, то другая справа. Але 38 гадоў... што гэта значыць!... Майму бацьку было як жаніўся 55 гадоў, а матцы 45, і жылі яны з сабою ў добрым шчасці.

АДЭЛЯ. Але бачыш, татачка, ён крышку малодшы за мяне.

ЯЗЭП. Э!... два — тры гады, што гэта значыць, а лгаць я не лгаў і не буду.

АДЭЛЯ. (да сябе). Што тут зрабіць? Ага! ведаю! Калі ён запытае, колькі мне гадоў, скажэце, што мне мінула 25 — гэта-ж шчырая праўда.

ЯЗЭП. А не абыдзецца без гэтага?

АДЭЛЯ. Не абыдзецца!

ЯЗЭП. Мо, то ўжо для цябе зраблю гэтак.

АДЭЛЯ: Гэта праўда? Пабажэцеся!

ЯЗЭП. Да душы! Каб мне так сонца не ўбачыць!


З’ЯВА 3-ая.

ТЫЯ САМЫЯ, уваходзіць ЮЛЬКА.


ЮЛЬКА. Паны, нейкі незнаёмы чалавек прыехаў.

АДЭЛЯ. Да каго ён падобны?

ЮЛЬКА. З вялікім носам, з лупатымі губамі...

АДЭЛЯ. Ужо сэрца маё чуе, што гэта ён — трэба хуценька пераапрануцца. (Бяжыць вон).

ЯЗЭП. Гэта пэўна ён, а я не абуўся, не памыўся. Грышка, Іванка — каб вашы ногі вецер калыхаў — сурдут, боты, жыва, блазны! (Ідзе ў свой пакой).


З’ЯВА 4-ая.

ЮЛЬКА адна.


ЮЛЬКА. Гэта ён! Што за ён, які ён? Нейкі малец з вялікім носам... І смешны... Дзякуй Богу, што хоць такі прыехаў. Усё-ж такі навіна, а то можна памерці з нуды. Жыць такому маладому дзяўчаці, як я, між гэтых трухлявых грыбоў, не бачыць нікога, апроч пахтара й мужыкоў, то ўжо лепш памерці. Я ўжо пабажылася: калі выраблюся адгэтуль, то ні за якія грошы не пайду на службу ў вёску. Толькі Бог адзін ведае, калі гэта будзе. (Падходзіць да люстра). Трэба прычасацца. Няхай гэты гарадскі паніч пазнае, што і я гарадская, не якаясь вясковая.


З’ЯВА 5-ая.

ЮЛЬКА і МІХАСЬ.


МІХАЛКА (уваходзіць, азіраецца па святліцы). З сярэдзіны нічога сабе паказвае, зато з надворку адно сабачая буда. Хлявы — яшчэ нічога, а бровар зусім пакрывіўся. Але як пападзе гэта ўсё ў мае рукі ўсё наладзім. (Азіраецца па хаце). Прыбрана хата нічога, нічога сабе, толькі ніхто мяне не сустрэў. Пагляджу я ў люстра, бо з дарогі чалавек да сябе не падобны. (