Зборнік сцэнічных твораў | страница 14




З’ЯВА 2-ая

ЯЗЭП і АДЭЛЯ.


АДЭЛЯ (прыбягае з палівачкай у руках, у саламяным капялюшы). Прыйшла, татачка, да вас! Што вам трэба?

ЯЗЭП. Сядай, Адэлічка! Ці згадаеш, галубачка, аб чым буду з табой гаварыць?

АДЭЛЯ. Не згадаю, татачка!

ЯЗЭП. Няўжо-ж не згадаеш?

АДЭЛЯ. Дальбог не!

ЯЗЭП. Праўда, то-ж я табе нічога й не казаў. Як бы гэта табе вытлумачыць? Бо-ж яно паненцы трудна сказаць, не зразумее.

АДЭЛЯ. Татанька, гэта нешта дужа цікавае?

ЯЗЭП (цалуе яе). Толькі-ж не пужайся, мая ты зязюлька!

АДЭЛЯ. Надта-ж ужо зацікавілася я!

ЯЗЭП. Бачыш, мая дачушка, табе ўжо 38 гадоў...

АДЭЛЯ. Толькі што пайшоў трыццаць дзевяты.

ЯЗЭП (перапыняе яе й гаворыць далей). Гэта самая пара выйсці замуж. Ці не так?

АДЭЛЯ. Выбачайце, татанька...

ЯЗЭП. Знаю я вас: быццам і не хочуць, а за вачыма аж пішчаць да хлопцаў. Шэльмы!

АДЭЛЯ (круціць фартушок). Татанька, кіньце...

ЯЗЭП. Не перапыняю! Пара ўжо выйсці з дзевак!

АДЭЛЯ. Нікога я яшчэ не палюбіла.

ЯЗЭП. Праўда! Бо й перабіраеш ты, Адэлічка! Но, гэта цяпер ўсё роўна; што было, то было, а цяпер мая рада: не задзірай носа, бо малец — шчырае золата!

АДЭЛЯ (з радасцю). Ці прысылаў хто ў спаты?

ЯЗЭП. А, жэўжык, такі трапечацца тваё сэрца, дрыжыць...

АДЭЛЯ. Кінь, татанька, смяяцца з мяне. Але хто сватаецца?

ЯЗЭП. Сын майго добрага прыяцеля. Даўно я яго не бачыў.

АДЭЛЯ. (плешча у далоні). А які-ж ён?

ЯЗЭП. Цікавасць!?

АДЭЛЯ. Татанька, так які-ж ён?

ЯЗЭП. Не ведаю сам, бо сына ніколі ў вочы не бачыў. Калі ў бацьку ўдаўся, будзе зух, добры, удалы малец. З гэтага лісту даведаешся ўсю драбязу. Пачытай яго ў голас, то і я прыпомню сабе ўсё, аб чым ён пісаў.

АДЭЛЯ (бярэ пісьмо). Так гэта значыць ліст ад таго, хто сватаецца да мяне! (Прыціскае да сэрца ліст).

ЯЗЭП. Гэта-ж пісьмо не ад яго, а ад ягонага бацькі... Чытай-жа.

АДЭЛЯ (чытае). «Браток мой даражэнькі і дабрадзей! Не бачыў я цябе гадоў з дваццаць»...

ЯЗЭП. Пачакай... (Лічыць на пальцах). Але, праўда, як гэтыя гады праляцелі! Як сягоння помню, калі ты радзілася...

АДЭЛЯ (чытае ў голас). «Часам даводзілася чуць мне, што табе ўсё добра ручыць, і мне, дзякую Богу, не найгорш ідзе. Назбіраў трохі грошай і ўсё было-б доора, каб не сын: хачу яго ажаніць, а ён малец-гультай, з печы не злазіць»...

ЯЗЭП. Но, но, чытай далей.

АДЭЛЯ. — «Аж тут даведаўся, што ў цябе дачка падрастае, ды нават адзін мой сваяк дужа яе хваліць. Кажуць, ёй ужо мінула 18 гадоў»... (Задзівілася).

ЯЗЭП. Но, чаго-ж аадзівілася? То-ж даўно табе мінула 18 гадоў.

АДЭЛЯ. А няўжо-ж — мінула!