Літоўскі воўк | страница 99
Артур пачаў гаварыць. Гаварыў парывіста, горача. Стомлены быў, таму і збіваўся, блытаўся. Ён увесь час прапаноўваў пераходзіць хутчэй да канкрэтнай справы - да складання спісу шляхты, якая можа падтрымаць інсурэкцыю матэрыяльна, але пан аканом перабіваў яго, выпытваў, удакладняў... Урэшце ягоная цікавасць была задаволена і падышлі да складання спісу. Пісаў Артур. Ён выпытваў, колькі можа ахвяраваць грошай той ці іншы дваранін, а калі грошай няма, колькі коней можа даць, якая зброя можа быць, ці шмат у тутэйшай шляхты пораху, шроту, дранкулек, свінцу. Гаварылі доўга, спіс рос на вачах. І тут раптам пан Урбановіч заўважыў, што Артур неяк дзіўна піша.
- Як ты пішаш? - спытаўся аканом у Артура. - Ты не па-польску пішаш?
- А чаму гэта я павінен пісаць па-польску? Я па-нашаму пішу.
- Як гэта - «па-нашаму»?
- Як мы гаворым... Па-роднаму.
- Па-роднаму? Гэ... - Пан Урбановіч узяў аркушык паперы, паднёс да свечкі, прымружыў вока. - Тут, браце, ты не па-польску цалкавіта пішаш... Літары польскія, а вось словы... Словы мужычыя. Што гэта за мова?
- Беларуская...
- Якая такая беларуская? - здзівіўся пан аканом.
- Такая, тутэйшая... - патлумачыў Артур. - Наша. Літоўская, ліцвінская...
Пан Урбановіч яшчэ раз уважліва прачытаў спіс.
- Насамрэч па-тутэйшаму... - здзіўлена прамармытаў ён.
Напраўду, як двое тутэйшых пан аканом і Буевічаў Артур гаварылі так, як Артур і пісаў. І хораша, і зразумела. Але гэтае пісанне чамусьці моцна раздражніла пана Ўрбановіча.
- Перапішы па-польску, - прапанаваў ён.
- Чаму?
- Але ж так размаўляюць з вясковымі хлопамі.
- Эх, эх! Хлопы. Гэта людзі, - сказаў Артур. - Грамадзяне, разумееце? Дарэчы, «размаўляць» - слова-байструк. Яго зрабілі палякі з расейцамі. Бо прыстаўка «раз» ад расейскага «разговаривать», а корань ад польскага «mówić». Слова «размова» куды б яшчэ ні ішло, а вось «размаўляць» - нейкая брыда. Штучнасць...
- Дык за чыю вольнасць мы станем... ваяваць? Дазвольце ўдакладніць, - раптам спытаўся пан Ежы.
- За нашу. За вольнасць Беларусі!
- Беларусі? Якой яшчэ такой Беларусі! - зашыпеў пан аканом і ўжо ў сваю чаргу вытрашчыў вочы на Артура.
Артур з выглядам бездапаможнасці абхапіў галаву рукамі.
3. Новы народ - новая мова
- Ну, пан Урбановіч, здаецца мне, - сказаў Артур, рэзка ўстаючы, - што прыйдзецца прачытаць вам дабрэнную лекцыю...
- Ну-ну, я слухаю. - Аканом сеў у крэсла і закінуў нагу на нагу.
- Ці хіба вы не ведаеце, што ўсе гэтыя паны, - Артур патрос спіскам, - ёсць чысцейшай вады нашынская, ліцвінская, беларуская шляхта?