Літоўскі воўк | страница 98
Пані Цэцыля заткнула вушы пальчыкамі. Няхай лепш гэта быў бы сон, а не ява, рэчаіснасць. Як яна зможа жыць пасля таго, што яна пачула тут, у гэтым флігелі? Тайна разбурыць яе! Хутчэй падзяліцца з кім, вызваліцца ад непасільнага цяжару.
2. Сустрэча аканома з Артурам
Пан Ежы прасачыў, каб з-пад «гарэха» ўсё прыбралі, аддаў распараджэнні па гаспадарцы і намысліў ісці паспаць, але адпачыць у тую раніцу Ўрбановічу не ўдалося. Перахапіў яго Буевіч Артур.
Ён так і сказаў:
- Нельга спаць у адказны для радзімы час.
- А што рабіць? - развёў рукамі пан аканом.
- Што рабіць? Прапаную скласці спіс асобаў нашай мясцовасці, якія дапамогуць нам.
- Дапамогуць? - яшчэ больш здзівіўся пан аканом. - У чым яны нам дапамогуць?
- Дапамогуць у заваяванні нашаму краю вольнасці.
Пан Урбановіч зразумеў, што бяседныя словы не проста словы. Няўжо яна, гэтая моладзь, усур'ёз успрымае застольныя шчырасці? Ну пагаварылі, памарылі, паразважалі... і разышліся.
- Вы маеце на ўвазе тых з тутэйшай шляхты, якія могуць зычліва паставіцца да паўстання? - каб не строіць з сябе дурня, спытаўся аканом.
- Так, пане Ўрбановічу. Шмат у чым маем патрэбу: амуніцыя, рыштунак... Аднаго пораху дзе ўзяць? А яшчэ правіянту... З кавалкам хлеба на адзін дзень у інсургенцыю не пойдзеш, згадзіцеся.
- Вядома, з голымі рукамі Расею ваяваць няможна, - згадзіўся пан аканом.
Ён успомніў, што дзень назад, учора вечарам, таксама перабіраў у памяці тутэйшых паноў, зрэшты, і не паноў. Толькі - зусім па іншых прычынах. Яму зрабілася сорамна.
- Ідземце ў мой кабінет, - прапанаваў ён.
У кабінеце пан Ежы стаў падсмыкаць да зачыненых дзвярэй камодзік. Артур вырачыў вочы.
- Што вы робіце, пан Ежы?
- Вы давяраеце жандарскаму афіцэру, няхай ён і свой, магілеўскі?
- Але ж яны - з намі.
- З намі? Пад чаркай хто не патрыёт? А заўтра, гэта значыць, сёння, яны, - аканом паказаў на акно, разумеючы пад гэтым жэстам спраўніка, прыстава і капітана Фогеля, - пашлюць дэпешу губернатару, а праз тыдзень тут будзе стаяць дзве роты маскалёў.
- Згодзен, - уздыхнуў Артур.
- Адзін неабачлівы крок - і вы, і я, і ўсе... - Пан Урбановіч абвёў рукой вакол сябе. - Будуць высланы ў Сібір. Ці не вам ведаць, што такое канспірацыя, пан Арыстокаль?!
Артур гмыкнуў.
- Гаварыць толькі шэптам, - загадным тонам вымавіў аканом. - Цяпер раскажы ўсё па парадку: што, хто, як і дзе... Ты, Арцю, шмат паспеў зрабіць, калі выдаваў сябе Дастоеўскім. Бачыў, як ты хадзіў і па мястэчку, і па вёсках, і па тутэйшых маёнтках. Раскажы, якія сілы ёсць, якая арганізацыя, хто ўдзельнічае? Словам, расказвай усё чыста.