Літоўскі воўк | страница 100



- Ведаеце што? Давайце без лекцый, - зашыпеў пан аканом, падскочыў з крэсла, нервова стаў хадзіць па пакоі. - Якая такая беларуская шляхта? Тут што з польскасцю рабіць? Што рабіць з Міцкевічам? З Касцюшкам? Гэта несумненна палякі... Аднаго Міцкевіча ўзяць. Класік польскай літаратуры. А мы новую мову ствараем. Навошта?! Хто падтрымае нас?

- Міцкевіч, уласна, і наш класік. Толькі мы яшчэ яго не забралі... Прыйдзе час - забяром. Пра што пісаў Міцкевіч? Пра Польшчу і палякаў? Ці пра Літву... «О, Litwo, ojczyzna moja...» - патэтычна прадэкламаваў Артур. - Ды не бегайце вы... Сядзьце, супакойцеся...

Пан Урбановіч паслухмяна сеў.

- Але гэта нейкі... сепаратызм.

- Сепаратызм? Ну вось так заўсёды, - развёў рукамі Артур. - Расейцы таксама абвінавачваюць палякаў у сепаратызме... Потым, узяць ваш... бацька? Хіба не за родны край ён аддаў жыццё? Як вы не разумееце?!

- Я ўвогуле нічога не разумею... - уздыхнуў і таксама развёў рукамі пан аканом. - Я разумею толькі, што гэта ўсё работа выабражні! Нават... Нават патрыятызм майго бацькі... Ці ведаеш ты, Арце, што майму бацьку ў спадчыну перайшлі ўсе якасці «шырокай душы» продкаў? Не Польшчу ён любіў, а віно, карты, вясёлыя кампаніі. Патрыятызм яму прыпісалі пазней.

- Усе мы людзі, усе мы чалавекі... Слабасці ёсць у кожнага. Калі б не Расея, мы з году ў год заможнелі...

- ...Прагуляўся ў карты дашчэнту, разумееш? Улез у тысячныя даўгі... Ратуючыся ад крэдытораў, пайшоў за Напалеонам... Куды падзецца, вось што. Вось карані ягонага патрыятызму.

- Не ўсе такія...

- Кінуліся ў авантуру, згубілі ўсё, што можна было згубіць...

Пан аканом, адольваючы стомленасць, прыходзіў да розуму. Д'ябал ведае гэтую сучасную моладзь. Тут як ні круці, а належна падлабуньвацца да ўлады. Тады будзе ўсё добра. Гаспадарка стане мацнець. А паспрабуй бунтаваць, агітаваць супраць цара... Адразу прыпомняць польскі патрыятызм бацькі. Пан Ежы выдатна памятаў, як гадоў дзесяць назад на месцы разбуранага маёнтка на так званым Гарадзішчы сяляне знайшлі скарб - куфар з залатымі місамі, кубкамі, каштоўнымі камянямі. Паліцыя трасянула сялян, тыя аддалі знойдзенае. Як мог пан Ежы даказаць, што знойдзены скарб - ягоны? Належала даказаць, што Гарадзішчы - родавы маёнтак. Вунь Вабішчэвічы дзесяткі гадоў даказваюць, што яны шляхта, дваране, а ніякай з гэтага карысці не выходзіць, адныя выдаткі. Што ж, скарб забралі ў расейскую казну, яго спакавалі і павезлі ў паўночную сталіцу.