Літоўскі воўк | страница 96
«Мірацца... Слава табе, Усявышні», - аблегчана ўздыхнуў аканом, павярнуўся і пайшоў прэч.
«Пойдуць з торбамі, але гонару не страцяць... Гэта як у Дастаеўскага... Во адкуль ногі растуць у гэтага маскоўскага гардзякі... Ад тутэйшай шляхты...»
У тую раніцу, калі ў лазні аканомаў прыслугач Мондрык абдымаў і цалаваў знявечаную і абражаную дзяўчыну, на беразе Гарыні млявелі ад шчасця чыстай і незаплямленай маладосці маладыя людзі. Далёка адсюль, недзе ў марослівым Пецярбургу цар Аляксандар II ламаў галаву, як быць з чарговай палюбоўніцай. У другім жа баку свету, далёка на поўдзень і на ўсход, пад Каўказ, на чэчэнскіх пагорках пільна сачылі маладыя, з цёмнымі-цёмнымі няскоранымі вачамі чэчэны за сівавусымі расейскімі жаўнерамі... Там, над тымі чэчэнскімі пагоркамі, сонца даўно ўстала, а тут, над Гарынню, толькі-толькі паднімалася. Але святло ягонае бачылі ўсе: і цар-бацюхна ў Пецярбургу, і маладыя чэчэны, і сівавусыя расейскія жаўнеры, і нашы маладыя героі над ракой. І свет, і святло былі, жылі...
Зрэшты, ці мала што дзе па свеце рабілася, а дзяўчына Ганна шляхотнага стану з Заходняга Палесся была адзінай жанчынай на свеце, перад якой у адну раніцу поўзалі ракам і прасілі прабачэння ажно двое мужчын.
Напраўду, ліцвіны - шчырыя людзі.
РАЗДЗЕЛ IX. Піва Гінеса
1. Ураган за тонкай сцяной
Пані Цэцыля прывыкла ў сваім маёнтку класціся рана, амаль з курамі. Застолле так стаміла яе, што яна ледзь дачакалася моманту, калі можна застацца адной, з задавальненнем выцягнуцца ва ўвесь рост і паволі патануць у сне.
Начаваць ёй прызначана ў невялікім флігелі ў глыбіні парку. У тым флігелі яна і раней адпачывала і ведала, як там лёгка, прыемна спіцца. Туды звычайна прыносілі сяннік, прасціны, падушкі.
Пані незаўважна адстала ад маладой кампаніі і стомлена патэпала да флігеля. Цяжкавата без пакаёўкі раздзецца. Пані доўга валтузілася з кручочкамі, аплікамі, матузкамі, гузічкамі. Нарэшце легла і паволі, як усе пажылыя людзі, пачала правальвацца ў сон. Трэск неабмятага свежага сена, якое аблягала пад цяжарам цела, не перашкаджаў. Вось перад вачамі ўзнікла карціна яснага сонечнага дня, пачуліся сялянскія песні, далёкія галасы.
- Гэта застанецца выключна маёй тайнай... - гучаў мужчынскі голас.
- Я буду вернай спадарожніцай вашай тайны, - адказваў яму жаночы. - Але, як да патрыёта, да рыцара свабоды, дазвольце мне мець свае ўласныя пачуцці.
- Адношуся да пачуццяў паненкі з шанаваннем...
- Толькі і ўсяго?