Літоўскі воўк | страница 95
«Істэрыка, - падумаў пан Урбановіч. - Гэта - істэрыка. Што рабіць?!»
Выйшаў з лазні, прычыніў дзверы - крый Божа, пачуюць дзяўчаты, Аксана. Ужо развіднела, але сонца яшчэ не ўзышло.
Мондрык стаяў недалёка, жаваў травіну, крыва пасміхаўся.
- Чаго яна?! - спытаўся Ўрбановіч.
- А таго... - Мондрык перакінуў травіну з аднаго кутка вуснаў у другі.
- Схадзі ты да яе...
- Я?! - Мондрык меў спуджаны выгляд.
- Ты. Цяпер - ты.
Мондрык патаптаўся пад дзвярыма, насмеліўся, наважыўся, пайшоў. Пан Урбановіч шчыльна зачыніў дзверы, стаў прыслухоўвацца. Усё можа быць. Раўці нема пачне... Крычаць «ратуйце»... Не спрычынілася б якая хвароба... Што ёй звар'яцець?! Гэта не халопка, не з сялян. Даліктуся. Пару разоў бізуном палучыла і... Не, халера, шляхта ёсць шляхта. Ад крыўды можа і памерці, усё-ткі кроў паказвае сваё.
Тое, што чакаў пан аканом, і адбылося. Ганна, калі ўбачыла крыўдзіцеля, нема раўнула. Ды так дзіка, што пан Урбановіч кінуўся да дзвярэй, быццам хацеў прыкрыць іх уласным целам, каб не было чуваць знадворку. Але енк нечакана сціх. І так стала ціха, што пан Ежы таксама спалохаўся. Прыклаў вуха да дзвярэй. Нічога не чуваць. Прыслухаўся, ледзь расчуў, як Ганна выдыхнула:
- Ты... Ты ж казаў, што любіш мяне...
Тут пачуўся гучны пляск. Такі гук можа быць, калі чалавека пляскаюць у твар наводліў. Мондрык біць дзяўчыну не мог. Выходзіць, Ганна ўдарыла Мондрыка. З усяе сілы. Урбановіч пацёр лоб. Ясна, што біць павінна была яго, аканома. Яму прызначаны гэты ўдар. Калі па справядлівасці.
Тым часам фурман грукнуўся каленкамі на падлогу.
- Ганначко!
Пачуўся гучны пляск. З адцяжкай.
- Ты ведаеш, хаме, што я... штаны ўмачыла. Як ты бізуном ударыў... - праказала Ганна.
- Выбач, Ганулько! Я ж не вінаваты, што ў шляхцянак заведзена ў штанах летам хадзіць... - не адчуваючы за сабой віны, балбатаў Мондрык. У ягоным голасе чулася нават іронія, лёгкі прыхаваны здзек.
- На табе... Хам!
Аканом аж уздрыгнуў ад гуку ўдару.
- Мілая... - прастагнаў Мондрык.
«Мілая» яшчэ раз ляснула Мондрыка. Але не наводліў, лягчэй.
- Хочаш, прынясу бізун... Вернеш спаўна, што я табе даў...
«Умачылася, але не прызналася... Вось што значыць парода! - думаў пан Ежы з пачуццём невымернай віны. Каленкі ў яго трэсліся. - Гэта шляхта! Недарэмна стары Вабішчэвіч дамагаецца свайго... Эх, не даможацца... З торбамі пойдуць... Не надумала б яна і мяне таго... Пару разоў свіснуць...»
Аканом прыслухаўся. Нічога не чуваць. Яму карцела паглядзець, што ж там адбываецца за дзвярыма. Пачуў толькі цмоканне, усхліпванне, лёгкую валтузню.