Літоўскі воўк | страница 94



Пабудавалі яе каля вады ў куточку, атуленым вербамі. Палілі лазню не так каб часта. Можна сказаць, нават зусім не палілі. Панства звычайна мылася ў пакоях, а дворня не была прывучаная да лазняў... Палешуку лазня як пекла, а мыцца ён летам і на вадзе памыецца. Не было лазняў на Палессі. Калі і пыталіся ў людзей, ці мыюцца яны зімой, чуўся звычайны адказ: а колькі той зімы?

Лазню Ўрбановіч загадаў пабудаваць не так даўно, але палілі яе толькі на святы, а большай часткай выкарыстоўвалі пад вязніцу.

Калі адамкнулі дзверы, Ганна паспела прахапіцца, убачыла аканома, перапалохана прыціснула рукі да грудзей і зняможана прысела на лаўку, на якой ляжала. Пэўна, чакала далейшай расправы.

«Біў Мондрык. Можа, няхай ён... Таго... Падлагоджваецца...» - падумаў аканом.

- Ідзі да яе, - шапнуў ён прыслугачу, адступіўшыся за дзверы.

Мондрык хмыкнуў:

- Васпане, выбачайце, але... Яна вочы мне выдрапае...

Пан Урбановіч уздыхнуў, падышоў, нахіліўся над дзяўчынай.

- Ганно, выбач мне. Выйшла памылка.

Дзяўчына заплакала.

- Любачка, злітуйся... Я памыліўся... Ручкі-ножкі буду цалаваць, толькі прабач, не расказвай пані...

Ганна заплакала яшчэ больш, гарчэй, безвыходней, з надрывам.

- Бачыш, Ганначка, і я плачу. Гэта я, такі смехалюднік, вось што вырабіў... Роднай жоначцы не паверыў....

Плач Ганны ўзмацніўся.

- Табе падзякую грашыма...

- Грашыма? - усхліпнула дзяўчына.

- Не пашкадую... - горача шаптаў аканом. - Толькі не расказвай пані Аксане... Богам прашу цябе. Хочаш, на калені ўпаду...

Дзяўчына стала падвываць, пераходзячы на высокія, амаль пранізлівыя ноты. Яна проста выла ад абразы, ад няшчасця, якое з ёю здарылася.

Пан Урбановіч гэпнуўся на калені - у яго не было выйсця.

- Выбач, злітуйся... Больш ніколі, ні з кім такога не будзе... Слова гонару... Ты ж ведаеш, які з мяне пан... Я нікога не караў, я заўсёды ласкай, словам ушчуваў...

Ганна голасна загаласіла. З ёю такое вырабілі, умаралі ў такую няславу, а вось зараз просяць прабачэння, і мала таго, яна будзе змушана дараваць пану аканому, бо ёй проста няма куды падзецца. Праўда, галасіла яна хутчэй больш механічна, ужо без таго пачуцця безвыходнасці. Пэўна, сэнс аканомавых словаў даходзіў да яе, таму яна плакала, а сама кеміла, што ёй рабіць, як больш выгадна выкарыстаць становішча.

- Цішэй, любачка, ну перастань.

Урбановіч нахіліўся над дзяўчынай, паспрабаваў абняць яе, прытуліць, але яна рэзка адхілілася ад пана, плечы яе затрэсліся... Яна плакала нястрымным плачам.