Літоўскі воўк | страница 93
- Харошы інструмент - гітара, - сказаў Бароўскі. - Замяняе беднай шляхце арфу, лютню, мандаліну. Нават здольна імітаваць віяланчэль.
Цэцыліны дзяўчаты паспявалі дуэтам.
Было ўжо позна. Час разводзіць гасцей па пакоях, думаць, дзе пакласці ангельца, пані Валеўскую, змясціць капітана Фогеля і спраўніка, а таксама прыткнуць прыстава, бо на нагах апошні трымаўся не надта моцна.
5. Каленнае прабачэнне
Пан Ежы і пані Цэцыля распараджаліся, ганялі дваровых.
Калі засталіся сам-насам, пані Цэцыля сказала:
- Пан Ежы дарэмна ўспомніў пра бацьку. Цяпер жандары будуць ведаць, што ваш продак пайшоў супраць цара, удзельнічаў у паходзе на Маскву.
- А то яны не ведалі?
- Усё ж лішні раз напамінаць не варта. Гэта небяспечна...
- Выбачайце... - толькі і сказаў аканом.
Ну, любіла цётка вучыць людзей жыць.
- Абачлівасць не лішняя ў любым выпадку... І яшчэ: пані з Варшавы падазроная асоба. Занадта патрыятычная...
- Вы паўсюль бачыце шпіёнаў... - уздыхнуў Урбановіч. - Думаю, што Польшча здабудзе волю і незалежнасць, праўда, пані Аксана?
Аксана падыходзіла да іх і пачула апошнія словы.
- Так, Ежы.
Слова «пан» у зваротку адсутнічала. Урбановіч адчуў, як соладка заказытала ўсярэдзіне. Ці гэта не першая ластаўка таго пачуцця, якое намагаўся выклікаць цэлы год?
На развітанне дочкі Цэцылі гукнулі:
- Каго любіш?
- Люблю Беларусь! - весела адказала Аксана.
Пан Урбановіч збянтэжыўся. Што яшчэ за «Беларусь»? Не, трэба распытацца.
- Ежы, - сказала Аксана, - я не хачу спаць. Пайду з Цэцыліхамі сустракаць сонца. Яно вось-вось паднімецца за ракой.
- Ідзі, любачка.
Зрэшты, гэта было не так і важна, што такім сустраканнем будзе парушаны спакойны, размераны лад жыцця. Пан аканом падумаў, што спазнаў самую шчаслівую ноч, якую можа спазнаць жанаты і яшчэ закаханы ў жонку мужчына.
І тут пан Урбановіч успомніў пра Ганну, Зосіну сяброўку. Пакуль ён прымаў гасцей, піў з імі рознае смачнае віно, мянціў языком пра вольнасць Польшчы, словам - сядзелі дружнай, шчаслівай, вясёлай кампаніяй «пад гарэхам», бедная дзяўчына плакала ў вязніцы... Гэта было вычварна. Што ж ён вытварыў, ён, сучасны, адукаваны чалавек?! Учыніў расправу, як дзікі які, старасвецкі, нялюдскі феадал.
Ці ж не хрысціянін ён, ці не мае ў жыцці маральных правілаў? Не, хутчэй бегчы да лазні, выслабаняць Ганну, прасіць прабачэння, пакуль не позна... На каленях поўзаць, каб даравала, не расказала жонцы.
Насамрэч пакуль Аксана і Цэцыліны дзяўчаты сустракаюць сонца, самы час разабрацца з Ганнай. Клікнуў Мондрыка, пайшлі ў лазню.