Літоўскі воўк | страница 92



Цяпер яму ніхто не перашкаджаў і ён з месца гучна праказаў:

- Думаю толькі адно - мы не палякі.

Слабенькія апладысменты былі ўзнагародай Фогелю. І то пляскалі толькі спраўнік і прыстаў.

- Не палякі, так! - крыкнула адна з Цэцыліных дзяўчат. - Але і не рускія.

- Ціха, нягжэчна перабіваць... - цыкнула на дзяўчат маці. - І што за «не палякі»? А хто мы тады?

- Прашу прабачыць, - даволі цвёрда праказаў капітан жандармерыі Фогель. - Уся гісторыя краю сведчыць пра тое, што мы - не зусім рускія, не расейцы.

- Гэтую дурату з галавы належна вычысціць, - абвясціў прыстаў. - Што яшчэ за «нярускія»?

- Ну цішэй вы, - змусіла яго маўчаць Аксана, якая дагэтуль трымалася ў цяні.

Нечакана загаварыў стары Бароўскі. Ён відавочна хацеў згладзіць усе рэзкасці і непрыемнасці, якія маглі ўзнікнуць ад прызнання Фогеля.

- Ці варта варушыць старое? Якая розніца, пад якой каронай жыць: аднагаловай ці двухгаловай? Прыйдуць новыя, нашыя дзеці. Што забудзецца, а што - не. Шмат новай бяды наробіцца, але ж застануцца ў сваіх рэчышчах наша родная Прыпяць і ваш родны Дняпро, адкуль вы, наколькі мне вядома, родам. Застануцца бары і лясы, застануцца хацінкі, фальваркі, маёнткі, і ў кожным - род, люд... Якога не перакруціць ні на польскі лад, ні на расейскі, маю на ўвазе, маскоўскі манер... Чалавечую натуру як ні круці... Бо прырода... Як гэтыя во... вожыкі...

І ў старога Бароўскага пайшла ў ход насоўка.

- Дык мы мусім быць незалежнымі і вольнымі. Нам не хочацца расейскага цара... - узяў раптам і сказаў сваё слова Артур. - Чым хутчэй, тым лепей...

- Крамола, панове, крамола! - толькі і змог сказаць спраўнік.

- Любоў да радзімы - не крамола! - выгукнула Аксана.

- Ціха, любачка, не гарачыся... - стрымаў жонку пан Урбановіч.

Добра, што гэтыя словы прамоўлены пад шум, плясканне ў ладкі.

- Згодзен - не крамола! - згадзіўся спраўнік, і ўсе закрычалі «віват», быццам святкуючы перамогу над апошнім апазіцыянерам за сталом.

- Мы - ліцвіны! - праказаў спраўнік. - Мы ліцвіны і занадта шчырыя людзі. Усё шчыра робім. Гасцей сустракаем - шчыра, у Бога верым - шчыра. Цару служым - таксама шчыра. Усё шчыра робім. Колісь палякаў палюбілі - вось ужо шчырасць была. Усяго свайго адракліся. Вось узяць маіх...

Спраўнік узяўся гучна расказваць жандару пра сваіх продкаў, выводзячы іх з праваслаўнай шляхты, якая жыла на Гарадзеншчыне, недзе пад Сувалкамі. Пабылі і вуніятамі, і каталікамі парабіліся.

З'явілася гітара. Ігралі па чарзе пан Бароўскі, Аксана. Узяла гітару і пані Валеўская. Гітара слаба слухалася яе пальцаў, але спявала яна выдатна і, вядома, нешта патрыятычнае. Праўда, словаў яе песні з моладзі ніхто не ведаў.