Літоўскі воўк | страница 89
- З вашага дазволу, васпане, - сказаў жандар, - не шалікам, але падушкамі. Падушкамі, панове... Тут ужо нікуды не падзенешся... Як кажуць, з песні слова не выкінеш.
- Азіятчына! - усклікнула пані Валеўская. - Ці могуць нашчадкі падобных тыранаў, дэспатаў кіраваць народамі...
- Ну, можа, не так рэзка, - зморшчыўся пан Бароўскі, які да гэтага не вымавіў ні слова.
- Пане... пане, - звярнулася да перасцярожніка Валеўская.
- Бароўскі, - падказала Цэцыля.
- Пане Бароўскі, дык вы не лічыце, што народамі мусіць нехта кіраваць? Што яны не ў стане самі быць вольнымі... Як бельгійцы, як італійцы?.. Не маю на ўвазе большых эўрапейскіх народаў...
- Могуць, але... Але ўсяму свой час, - адказаў Бароўскі.
- І гэты час прыйшоў, - раптам гучна аб'явіў Артур, які таксама пераважна маўчаў дагэтуль.
«Зараз пачнецца...» - падумалася пану Ўрбановічу, бо Артуравы словы выклікалі замінку за сталом.
Жандарскі афіцэр пастукаў відэльцам па талерцы, падняўся з келіхам у руцэ.
3. Нашэсце вожыкаў
Напраўду пачалося. Але зусім не тое, пра што думаў пан аканом. Раптам сярод напружанай цішыні нема віскнулі Цэцыліны дзяўчаты, пахапалі сукенкі ў рукі, ускочылі на крэслы.
- Божа! Што здарылася? - ускрыкнула пані Цэцыля. - Што за нявыхаванасць...
- Яны! Зноў!
Вочы ў іх гарэлі, блішчэлі. Падцягвалі сукенкі ледзь не вышэй калень.
- Яны, яны! - крычалі дзяўчаты і паказвалі пальцам на дарожку.
- Хто яны? - буркнуў прыстаў і стаў намацваць недзе збоку рэвальвер.
Глянулі на дарожку. Па ёй спрытна бег вожык. Невялікі, а за ім - невялічкія важаняты. Адзін, другі, трэці, чацвёрты, пяты...
- Восем штук! - у захапленні выкрыкнула меншая з Цэцыліных дачок. - А вунь яшчэ сямейка.
З другога кутка парку паказаўся яшчэ адзін вожыкавы цуг. Бегалі па пяску, па падстрыжанай траве, спрытна лавілі абпаленых у агні ліхтароў кузурак, хрумсталі аслепленымі жукамі.
- А вунь яшчэ, яшчэ...
Трэці вывадак пашыбаваў, чацвёрты, пяты... Увесь парк быў у вожыках. Малых, вялікіх, сярэдніх.
- Мондрык! - строга крыкнуў пан Урбановіч. - Колькі разоў табе было загадана ачысціць парк ад гэтых стварэнняў?
- То ж, васпане, выносілі! Палавілі ўсіх да аднаго! Вынеслі... Яны ж, халера, прыбягаюць назад.
- А вы запрасіце давыд-гарадоцкіх цыганоў... Жыва вычысцяць... - параіў прыстаў, хаваючы рэвальвер. - Я думаў, на агонь нячысцік прэцца. Як у «Шляхціца Завальні...».
- Пан чытаў «Шляхціца Завальню...»? - пацікавіўся Бароўскі.
- А вы думаеце, што паліцыянт толькі ўмее гарэлку, выбачайце, глушыць?