Літоўскі воўк | страница 88



Пан Ежы пазіраў па чарзе то на жандарскага афіцэра, то на пані Цэцылю, якая мела самы разняшчасны выгляд, не разумеючы прычын, па якіх ягонага выхаванца, заўсёды стрыманага, пацягнула на такую шчырасць: аканом заўсёды маўчаў, калі шляхта, нават дробная, хвалілася сваімі продкамі.

- Рэч у тым, адзін прадстаўнік гэтага роду, Казімір, быў у палку Панятоўскага падчас напалеонаўскага... нашэсця... - Урбановіч паглядзеў на жандара. Той паважліва кіўнуў галавой, быццам даючы дазвол на працяг шчырасці. - А вы ведаеце пра ролю войскаў Панятоўскага ў паходзе французаў на Маскву... Выскачка-карсіканец абяцаў нам, палякам, незалежнасць. Многія паверылі яму... Некаторыя склалі на алтар вольнасці айчыны галовы... Загінуў за волю роднага краю і той Казімір, пра якога я расказваю...

Голас пана аканома задрыжэў. Ён дастаў хустачку, выцер вочы. Цішыня перарывалася толькі лёгкім гукам сквірчэння матылькоў, якія наляталі на агонь ліхтароў...

- Дзеля Польшчы знойдуцца гарачыя сэрцы і цяпер! - падтрымала гаспадара пані Валеўская.

Голас яе прагучаў дысанансам. Нават Цэцыліны дочкі не падтрымалі варшавянку біццём у ладкі.

- Але тое было даўно, пане Ўрбановіч, - сказаў жандарскі афіцэр. - Усеміласцівейшы імператар Аляксандар, маю на ўвазе Аляксандра I, дараваў палякам усе іх заблуды, выкліканыя ілюзіямі, інспіраванымі карсіканскім д'яблам... Цар... загадаў усё забыць.

- Так, тое было даўно... Цар загадаў забыць. Але ці льга забываць уласных... продкаў?! - Голас пана Ўрбановіча памацнеў. - Казімір пайшоў ваяваць за волю радзімы, і з тых часоў сляды яго губляюцца назаўсёды... - Урбановіч уздыхнуў на поўныя грудзі, узнёсся да высокай патэтыкі. - Дык вось, панове, хачу каб ведалі, што той Казімір - мой бацька!

Наступіла хвіліна, як напісаў бы які пісацель, дамавіннай цішыні. Зрэшты, гэтая навіна не была навіной. Навіна была ў тым, што пан Урбановіч заяўляў пра свайго бацьку прылюдна, ды яшчэ пры прадстаўніках улады.

- І, пане афіцэру, трэба быць апошнім хамам, - сказаў, як бы падсумоўваючы, пан Ежы, - каб усё гэта, па словах шаноўнага Аляксандра Паўлавіча, забыць. Пэўна, выветрылася з галавы ў самога ўсяміласцівейшага самадзержца, як ягоныя афіцэры шалікам... уласнага бацьку...

Тут ужо была такая цішыня, якой і ў труне не бывае, каб хто, вядома, яе падслухаў. Усе чакалі, што жандарскі афіцэр, ці спраўнік, ці хоць бы дзеля прыліку прыстаў абурацца, ці проста запратэстуюць, ці апусцяць галовы і стануць маўчаць. Але выйшла па-іншаму.