Літоўскі воўк | страница 83
- Пад гарэхам, пад гарэхам! - запляскалі ў ладкі дзяўчаты.
Сабраць на стол «пад гарэхам» азначала цудоўную забаву. Пад старым, як казалі, валоскім, арэхавым дрэвам зрэдзьчасу накрывалі абрусам стол, пілі каву, снедалі, абедалі, і старая пані Ўрбановіч казала, прамакваючы хустачкай вочы, што адчувае сябе пасярод райскага саду.
Не паспеў пан Ежы распарадзіцца наконт стала, як знянацку Мондрык далажыў, што прыехалі жандары. Нейкі капітан Фогель патрабуе неадкладнай аўдыенцыі.
- Вядзі, - загадаў аканом і падумаў: «Пачынаецца...» Тое, што ён чуў з вуснаў Артура, чым была захоплена ягоная жонка, і гэты прыезд жандараў, пэўне ж, неяк звязаныя. А тут яшчэ ўспомнілася, што на кірмашы лавілі нейкіх падбухторшчыкаў і нават стралялі па іх.
Жандар прыйшоў не адзін - са станавым прыставам і спраўнікам. Урбановіч павёў нечаканых прыхадняў у адну з альтанак, а Мондрыку шапнуў прынесці туды гарэлкі і прыкускі. Хацелася як мага хутчэй пазбавіцца ад няпрошаных гасцей. У ягонай галаве быў страшэнны гармідар. Учора, нядзеляй, калі агітатара на кірмашы лавілі, пэўна, не абышлося без Артура. Крыўдна, што не пазнаў у выпісаным з Расеі настаўніку Буевічавага сына. Праўда, калі ён таго Артура бачыў? Штогод прыязджаў з Пецярбурга, але сюды, да іх, і не завітваў...
Жандарскі афіцэр паведаміў, што ў ваколіцах аб'явіліся падбухторшчыкі, дзяржаўныя злачынцы, якія спрабуюць падняць сялян на «польскае дзела». На гэты конт патрэбна праявіць і пільнасць, і пэўную актыўнасць у супрацоўніцтве з уладамі супраць падрыўнога польскага элемента.
І афіцэр, і прыстаў са спраўнікам бачылі, што пад дрэвам у парку ладуецца стол. Вечарэла, і яны былі і галодныя, і стомленыя - ішла адзінаццатая гадзіна. Чаму б са звычайнай, звыклай прадстаўнікам уладаў бессаромнасцю не чакаць аканомавага запрашэння застацца? Але Ўрбановічу было не да іх. Рассыпаўся ў прабачэннях, спасылаўся на хваробу, хоць разумеў, што вытурваць прыстава сабе даражэй!
Прыхадні адчулі, што яны тут непажаданыя, узялі па добрай чарцы і пайшлі сабе - начаваць можна і ў заезджым доме. Не паспеў правесці жандараў і паліцыю - ідзе-ляціць фактар з заезджага двара, - то ўрэшце прыпхаліся на паламанай ландары выпісаныя з Лонданскай выставы інструманты. Прыехалі да ваколіцы яшчэ пад абед, але зноў у каторы раз рамантавалі ландару. З фактарам прыйшоў ангельскі гандлёвы агент, які суправаджаў груз, а разам з ім - зусім нечаканая варшаўская госця, якая прынесла рэкамендацыйны ліст ад варшаўскіх знаёмых.