Літоўскі воўк | страница 81
- Разумею, і ўсё ж... Я многім яму абавязана... І яшчэ, яшчэ... Мне сорамна пра гэта гаварыць, я не магу нават даць яму... належнае. Як жонка. Ён такі сарамлівы... Ён мне... як бацька... Але я адданая яму душой і целам. Бачыш, я тут, а ён верыць мне...
- Мы не на палюбоўным спатканні, - зноў паныла прабубнеў Артураў голас. - Мы тут, каб вярнуць Айчыне вольнасць... А пра Хрысцю і не пытайся... Яна, яна... з маім бацькам...
- І ты яе ўсё яшчэ любіш?
- Люблю... І ніколі не разлюблю...
Ногі ў пана аканома падкасіліся, і ён упаў бы на калені, каб не ўчапіўся за сцяну.
Якое ён, Ежы Ўрбановіч, мярзотнае стварэнне! Гэта ж анёлы! Артур - анёл, і ягоная жонка - анёлак! Яна дзеля радзімы, дзеля вольнасці Бацькаўшчыны душу, сэрца, жыцця не пашкадуе... А ён западозрыў у ёй брыдкасць, здраду... Артур... Хрысцю любіць, дваровую дзяўчыну. Трэба ж!
Пан Урбановіч хітнуўся, павярнуўся і, асцерагаючыся, каб, крый Бог, яго не пачулі, пайшоў на выхад... Прадраўся праз крушынавыя хмызы, паплёўся, як невідушчы, бо слёзы замілавання засцілалі вочы, праз парк...
Якое шчасце! Грудзі манкевіцкага аканома разрывала ад наплыву пачуццяў. Ён бязгучна плакаў.
Разам з такой жонкай можна памерці... Пайсці супраць цара, Расеі, жандараў - і памерці... І ён пойдзе разам з Аксанкай на барыкады. Пойдзе туды, куды яна загадае, куды яна пакліча. У Сібір дык і ў Сібір! Ён пакладзе маёнтак - усю Манкевіцкую эканомію - на інсурэкцыю... Ды што маёнтак - жыццё аддасць!
5. Госці
У афіцыне ясна свіціліся вокны. Пэўна, прыехала Цэцыля - толькі яна магла загадаць так шчодра запаліць гэтулькі святла. Урбановіч пайшоў да студні - не паказвацца ж перад людзьмі заплаканым. Памыўся, звыкла, як колісь у дзяцінстве, абцёрся рукавом. Агойтаўся, стаў выцірацца насоўкай... Маці вучыла - ніколі не выцірайся рукавом... Як ні вынішчаў з сябе плебейскія звычкі, але час ад часу яны вярталіся...
Чаму ў доме такі агонь? Яны што, шыюць?
У гасцёўні ў глыбокім паласатым фатэлі з ножкамі, як у таксы (парэшткі былой раскошы), сядзела чарнакосая немаладая жанчына з ружовымі вуснамі, складзенымі пупачкай. Гэта і была пані Цэцылія Ўрбановіч, або, як на яе казалі, пані Цэцыля. Стрункая, блізарукая і фанабэрыстая, пані Цэцыля была прыгожай. Прыгожай безадносна і безумоўна. Але то была бляклая хорашасць старой жанчыны, якая аджыла свой бляск. Усё, што можна было ўзяць ад жыцця, яна ўжо ўзяла. Таму яна строга сачыла за тым, каб ніхто іншы нічога не браў лішняга ад жыцця, а прасцей кажучы, кабета паскудзіла жытку іншым.