Літоўскі воўк | страница 80
- Так, пакуль не. Я паважаю мужа, нават... крышачку люблю яго, - пачуўся голас Аксаны. - Але, але, грамадзянін Артур, да паўстання, мне здаецца, ён ніколі не далучыцца...
- Не далучыцца? Нават калі мы пераможам?
- Лепш за ўсё будзе, калі мы станем паводзіць сябе так, каб ён як мага даўжэй нічога не ведаў... Іначай ён стане перашкаджаць рыхтаваць паўстанне...
Артур гучна чмыхнуў.
Аксана прадоўжыла:
- Разумееш, я настолькі ўдзячна пану Ежы, што не хачу... Не хачу рызыкаваць ягоным дабрабытам... Ён мой дабрадзей. Я магу рызыкаваць хіба толькі ўласнай, выбачай, скурай. Артуру! Я жыццё сваё аддам дзеля Бацькаўшчыны, але чужымі ні гонарам, ні дабрабытам нам не вольна распараджацца... Зрэшты, я ягоная жонка, а ён мне муж. Веру, я здольна пакахаць яго яшчэ больш, як кахаю цяпер...
- Дык ты яго ўсё-ткі кахаеш? - прагучала пытанне.
У голасе Артура аканому пачулася расчараванне.
- Скажам, моцна захапляюся... Ён разумны. І раз так выйшла ў жыцці...
Пан Урбановіч нагнуўся, сціснуўшы пальцамі нос. Ён не верыў уласным вушам. Аксана - не здрадніца?!
- Я дала клятву перад Госпадам Богам, што буду яму вернай жонкай... - гучаў Аксанін голас. - І я застаюся пры гэтай сцяжыне, сцяжыне шлюбных абавязкаў, буду вернай уласнаму слову і клятве перад Богам. Але, павер, сэрца маё таксама цалкам аддана Айчыне, нашаму краю, нашаму люду.
Востры, пякучы боль замілавання да маладой і вернай жонкі працяў аканома наскрозь.
- І паколькі сэрца належыць Бацькаўшчыне, - казала Аксана, - як патрыётка, я аддам жыццё на карысць нашаму забранаму і зрабаванаму краю, калі гэта будзе патрэбна... Але... дзеля Бога, не ўмешвайце сюды майго мужа...
Курчы звялі вочы пана Ўрбановіча. Яму хацелася плакаць, крычаць ад шчасця, ад нечаканай палёгкі, як бывае, калі нечуваны цяжар раптам сам па сабе спадае. Стрымліваўся. А яшчэ хацелася даслухаць шчырасці маладых людзей да канца.
- Ты скажы, што ў цябе з Хрысцяй, Артур?
- Кожны насельнік краю павінен нешта ўскласці на алтар нашай волі... - прабубніў панылы голас, відаць, расчараваны прызнаннямі Аксаны. - Калі кожны стане адводзіць ад агульнай справы сваіх мужа ці жонку, што ў нас атрымаецца?
- Прашу вас, грамадзянін Артур... Пан Ежы такі добры, далікатны... Ён шмат зрабіў простым людзям. Ён - само ўвасабленне дабрадзейства... Ужо адно, што ён згадзіўся выпісаць настаўніка... Дык чаму ты пра Хрысцю нічога не кажаш?
- Нам спатрэбяцца ў хуткім часе не настаўнікі, а вайсковыя афіцэры. Пан Урбановіч мог бы ўзначаліць немалое вайсковае рушанне... З дворняй ён жа спрытна ўпраўляецца...