Літоўскі воўк | страница 78
- Страшна? Эх ты, баяка. А яшчэ ваяваць збіраешся. Маскалі як стрэльнуць, вы і пабяжыце...
- Вельмі ты смелая.
- Гэта вужы, не гадзюкі, - патлумачыла Аксана. - Я дзеўчынай у рукі вужак брала, не баялася. Іх тут шмат. Кажу, ніхто не ходзіць, яны і развяліся. Увечары на паляванне выпаўзаюць. Бачыш, вунь яшчэ адзін, з-пад падлогі папоўз. Ды не бойся ты, стой. Інсургент, называецца. А там, глянь, каля грубкі кахлянай, яшчэ адзін... Маленькі...
- Гэта кіёчак проста...
- Чаго ж ён скручваецца?
Аксанін голас таксама прыглушаны, але яго Ўрбановіч пазнаваў без цяжкасці.
- Божухна, вунь з бэлькі хвост звісае... Такога зроду не бачыў... - прагугнявіў мужчына. - Пайшлі адсюль...
«Дык чый гэта такі знаёмы голас? - тахкала кроў у скронях Урбановіча. - Дзе чуў яго?»
- Мы з Ганнай прыдумалі, што тут блукаюць прывіды... - сказала Аксана. - Яны сапраўды тут блукаюць... Прывід старога графа... Каб сюды ніхто не хадзіў. Хочаш грушу? Гэта сапяжанка... Па дарозе ўзяла некалькі... Яны яшчэ цвёрдыя.
Пачуліся лускат, чвяканне...
«Цалуюцца... Ці ўсё ж ядуць грушу?» Прыслухаўся. Супакоіўся - каханкі грызлі грушу. Як дзеці, зусім дзеці. Застрэліць шкада. Зрабіць як раней - аддаць у манастыр... Прынамсі - яе. Яго - у маскалі!»
Пан аканом, асцярожна ступаючы, абагнуў дом, пераступіў праз правалены ганак у адзін з прадпакояў, выйшаў да таго пакоя, у якім млелі адно каля аднаго каханкі. Ён ужо не баяўся, што яго заўважаць. Таіцца не было сэнсу. Пан аканом ішоў насустрач свайму лёсу.
- Паглядзі, што я прывёз... - пачуўся голас.
Зашамацела папера.
- Му-жыцкая праўда... Дзецюкі... - пачуўся голас Аксаны, якая, пэўна, чытала з паперы. - Што гэта? Супраць цара... Не відаць, цёмна ўжо...
- Уга, супраць цара. Мужыкоў падымаць, арганізаваць адукаваных хлопцаў... Ну, накшталт Людовіка Бароўскага. Каб чыталі газету простаму люду. Табе ўвогуле мужа ўгаварыць, падбіць...
Урбановіч пачуў слова «муж» і наструніўся. Голас незнаёмца гучаў гучней, выразней, а Ўрбановіч усё яшчэ не мог пазнаць, здагадацца, хто ж каханак ягонай жонкі.
- Не, дарагі. Пан Ежы чалавек старых правілаў. Ён строгі... - сказала Аксана.
У пана аканома сціснулася сэрца. Называе чужога чалавека «дарагі», а ён, муж, для яе - «чалавек старых правілаў»...
- Ведаеш, шмат на што спадзявацца не прыходзіцца. Простыя людзі цёмныя. Тут работы непачаты край... Інсурэкцыя ім пусты гук. Проста бунт - вось гэта можна...
Голас таго, хто гаварыў, быў настолькі знаёмы, што Ўрбановіч губляўся ў здагадках.